14 лiпеня 2024, Нядзеля, 11:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі праз брэх сабак не спіць цэлы шматпавярховік

11
У Гомелі праз брэх сабак не спіць цэлы шматпавярховік

Сітуацыя зайшла ў прававы тупік.

У Гомелі жыхары 9-павярхоўкі на вуліцы Уладзімірава, 57, страцілі спакой і сон. Усё праз пастаяльцаў прыватнага дома насупраць. На падворку адначасова знаходзіцца блізу двух дзясяткаў сабак. Жывёлы выюць і брэшуць круглыя суткі, піша «Белка».

Уласнік дома тут не жыве, а будынак перадаў у карыстанне валанцёрам для догляду жывёлаў.

Жыхары звярталіся са скаргамі ў розныя інстанцыі, але дапамагчы ім там не змаглі. Бо паводле закону колькасць жывёлаў, якіх можна ўтрымліваць на прыватным падворку, не абмежаваная. А за плот сабакі не выходзяць.

Тады людзі звярнуліся да «дэпутаткі» «палаты прадстаўнікоў» Анжаліны Сырамятнікавай.

«Калісьці тут была цэлая вуліца прыватнага сектару, але яе жыхары не стваралі такога дыскамфорту, як усяго адна пакінутая хаціна, якая і домам называецца толькі на паперы», – абураецца старажыл.

«Мы добра ўжываліся з вялікімі цыганскімі сем'ямі, іншымі жыхарамі. А цяпер мы ўсім домам спім у берушах!» – скардзіцца іншы.

«Каб своечасова паспець на працу, мне трэба ўстаць а 4-й раніцы. Але я ўстаю раней, бо спаць праз сталы брэх проста немагчыма, і іду на змену з хворай галавой. Уявіце, якая ад працы недаспалага чалавека прадукцыйнасць», – не хавае эмоцый яшчэ адна мясцовая жыхарка.

Аднак заканадаўства і сапраўды не парушанае. Гэта пацвердзілі спецыялісты адміністрацыі Савецкага раёна, гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У апошніх нават няма фармальнай нагоды замераць узровень шуму, бо для прыватнага сектару няма такога нарматыву.

У гаспадыні сабачага цэнтра свая праўда. Бо робіць яна са сваімі аднадумцамі добрую справу – валанцёры падбіраюць кінутых шчанюкоў, вакцынуюць іх, стэрылізуюць, пасля чаго шукаюць ім новых гаспадароў.

І, паводле словаў жанчыны, у яе таксама ёсць прэтэнзіі да жыхароў шматпавярхоўкі. Нібыта злыя людзі кідаюць у двор бутэлькі, бытавое смецце, па начах дражняць сабак ліхтарыкам. А двойчы нават кідалі петарды, давёўшы іх да вар'яцтва.

Зоаабаронца прызналася, што яна не супраць з'ехаць, але куды? Вось калі б улады ініцыявалі знос будынка з кампенсацыяй, яна не перашкаджала б. Аднак, паводле афіцыйнай ацэнкі, дом каштуе 74 тысячы рублёў (яго зарэгістравалі як жылы ў 2014 годзе).

Для адбірання надзелу таксама няма нагоды.

Сітуацыя магла б развязацца, калі б у горадзе з'явіўся прытулак для жывёлаў. Дарэчы, гарадское заданне на ягонае праектаванне ў прамысловай зоне на вуліцы Барыкіна ўжо ёсць, аднак тэрміны здачы не называюцца.

Сітуацыя зайшла ў прававы тупік. Але Анжаліна Сырамятнікава не мае намеру апускаць рукі і ўпэўненая, што праблему можна развязаць.

– У сацыяльна арыентаванай дзяржаве не бывае, каб інтарэсы такой колькасці людзей былі ўшчэмленыя, і з гэтым нічога нельга было зрабіць. Тэму абмяркуем з кіраўніком адміністрацыі Сяргеем Рэдзюком і старшынёй гарвыканкама Уладзімірам Прывалавым. Пра вынікі абавязкова паведамлю, – запэўніла людзей «дэпутатка» «палаты прадстаўнікоў».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках