18 лiпеня 2024, Чацвер, 10:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада ЕЗ зацвердзіла дзень пачатку перамоў з Украінай і Малдовай аб уступленні

Рада ЕЗ зацвердзіла дзень пачатку перамоў з Украінай і Малдовай аб уступленні

Гістарычны момант для Украіны.

Рада Еўрапейскага Звязу ўхваліла перамоўныя рамкі для Украіны і Малдовы. Міжурадавыя канферэнцыі для дзвюх краін пачнуцца ўжо 25 чэрвеня.

Як піша hromadske.ua, пра гэта паведамляецца ў допісе бэльгійскага старшынства на платформе X.

Першай пачнецца міжурадавая канферэнцыя з Украінай а 15.30 паводле мясцовага часу, калі ў Кіеве будзе 16.30. Потым а 18:00 паводле мясцовага часу адбудзецца канферэнцыя з Малдовай.

Раней прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль адзначаў, што гэтая першая міжурадавая канферэнцыя дасць афіцыйны старт перамовам аб сяброўстве Украіны ў ЕЗ.

«Гэта гістарычны момант для Украіны і нашай еўрапейскай будучыні», - падкрэсліў Шмыгаль.

Перад гэтым Financial Times, спасылаючыся на ўласныя крыніцы, пісаў, што ў Еўракамісіі рэкамендавалі пачаць перамовы аб сяброўстве Украіны і Малдовы ў ЕЗ ужо ў чэрвені, пакуль у Еўразвязе не пачала старшынстваваць Вугоршчына.

Пастаянны прадстаўнік Вугоршчыны пры ЕЗ Балінт Адар заяўляў, што другой міжурадавай канферэнцыі з Украінай сёлета не будзе. Паводле ягоных слоў, на першых канферэнцыях для Украіны і Малдовы ўхваляць перагаворныя рамкі, а затым для дзвюх краін працягнецца працэс скрынінга, аднак іншых істотных крокаў у гэтым кірунку не чакаецца.

Еўраінтэграцыя Украіны

Яшчэ ў лістападзе 2023-га прэзідэнтка Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен адзначыла, што Украіна выканала 90% рэформаў, якіх ад яе чакаў ЕЗ, каб рушыць наперад на шляху да ўступлення ў Еўразвяз.

А 14 снежня Еўрапейская рада прыняла пастанову аб пачатку перамоў аб уступленні Украіны і Малдовы. Але Украіна яшчэ павінна была выканаць 4 дадатковыя рэкамендацыі, указаныя ў Пакеце пашырэння ЕЗ ад 8 лістапада 2023 года. Фармальны пачатак перамоў аб уступленні ў ЕЗ пачынаецца пасля таго, як Еўракамісія прапануе перамоўную рамку, а Еўрапейская Рада яе зацвердзіць.

Так, у пачатку чэрвеня Еўракамісія дала станоўчую ацэнку еўраінтэграцыйнаму прагрэсу Украіны і падтрымала пачатак перамоў аб уступленні ў ЕЗ. Амбасадары ЕЗ узгаднілі рамкі для перамоў 14 чэрвеня.

Пачатак перамоў адначасова з іншай краінай не гарантуе іх заканчэння ў той жа час, паколькі тэмп перамоў залежыць ад хуткасці рэформаў і ўзгаднення з заканадаўствам ЕЗ у кожнай краіне.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках