Беларускі лекар назваў карысныя прэпараты пры астэахандрозе
14- 8.06.2024, 20:21
- 13,378
І растлумачыў, на якія не варта выдаваць грошы.
Карысныя і бескарысныя прэпараты пры астэахандрозе ў інтэрв'ю парталу 24health.by назваў вядомы беларускі лекар, загадчык кафедры траўматалогіі і артапедыі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар Алег Кезля.
Медык даў вобразнае апісанне астэахандрозу:
«У падшыпнік, дзе павінна быць слізка і гладка, патрапіў пясок. У шыйных пазванках пачынаецца развіццё адкладаў касцяной тканіны».
Алег Кезля не раіць займацца мануальнай тэрапіяй, каб «управіць або падцягнуць».
«Мы перыядычна сустракаем пацыентаў, якія пасля такіх упраўленняў маюць вялікія праблемы. Масаж, праграванне, лазня, гімнастыка для шыі раніцай – усё гэта дапушчальна», – сказаў лекар, але дадаў, што паўплываць на астэахандрозныя змены немагчыма і сітуацыі, калі міжпазваночныя дыскі аднаўляліся за кошт паляпшэння кровазабеспячэння, непраўдападобныя.
Акрамя таго, прэпараты Амега-3 таксама астэахандроз не вылечаць. А вось да хандрапратэктараў Алег Кезля ставіцца вельмі станоўча.
«Гэтыя прэпараты дазваляюць затрымаць развіццё паталагічнага працэсу. Агульнай схемы лячэння няма, у кожнага пацыента яна індывідуальная», – адзначыў медык.