25 кастрычнiка 2024, Пятніца, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У 2007 годзе Мэсі сфатаграфаваўся з немаўлём для календара: Гэтае немаўля – Ламін Ямаль

6
У 2007 годзе Мэсі сфатаграфаваўся з немаўлём для календара: Гэтае немаўля – Ламін Ямаль

Цяпер ён зорка гішпанскай каманды і аўтар аднаго з самых прыгожых галоў на Еўра.

Адным з самых яркіх і таленавітых гульцоў чэмпіянату Еўропы ў футболе, які праходзіць у Нямеччыне, многія называюць 16-гадовага паўабаронцу каманды Гішпаніі Ламіна Ямаля (17 гадоў яму споўніцца 13 ліпеня).

У Гішпаніі Ямаль гуляе ў «Барселоне» – камандзе, галоўнай зоркай якой цягам апошняга дзесяцігоддзя быў аргенцінскі нападнік Ліянэль Мэсі. Разам выйсці на поле яны не паспелі: Мэсі, які быў гульцом «Барселоны» з 16 гадоў, сышоў у 2021 годзе праз фінансавыя праблемы клуба. Ямалю тады было 14 – у асноўным складзе «Барселоны» ён дэбютаваў толькі праз два гады.

Неўзабаве пасля пачатку Еўра ў сацсетках стала распаўсюджвацца фатаграфія, на якой 20-гадовы Мэсі (ужо двойчы разам з «Барселонай» чэмпіён Гішпаніі і пераможца Лігі чэмпіёнаў) мые ў ванне шасцімесячнае немаўля. Гэтае немаўля – Ламін Ямаль.

Фатаграфію, зробленую ў 2007 годзе ў распранальні хатняга стадыёна «Барселоны» «Камп Ноу», выклаў бацька Ямаля Мунір Насраўі. Яна была зробленая для календара «Барселоны» на 2008 год, грошы ад продажу якога накіроўваліся дабрачынным арганізацыям Каталоніі і ЮНІСЕФ. У рамках гэтай акцыі футбалісты «Барселоны» фатаграфаваліся з дзецьмі. У праграме ўдзельнічалі сотні сем'яў, і Ямаль апынуўся побач з Мэсі выпадкова. На яшчэ адным здымку з гэтай серыі Мэсі трымае Ямаля ў ручніку на руках, на іншым – маці Ямаля Шэйла Эбана дапамагае Мэсі мыць сына.

Фатограф Жаан Манфорт расказаў, што зрабіць фота было нялёгка. «Мэсі і цяпер сарамлівы, а калі ён толькі пачынаў, ён быў значна больш сарамлівы», – успамінае Манфорт. Паводле ягоных словаў, калі Мэсі апынуўся побач з немаўлём і ягонай маці, «усім было цяжка», Мэсі спачатку не ведаў, як трымаць дзіця, але потым усё наладзілася.

На чэмпіянат Еўропы 16-гадовы Ламін Ямаль прыехаў з падручнікамі. Ён рабіў хатнія заданні, каб атрымаць атэстат (і перад матчам 1/8 фіналу ён яго атрымаў). На турніры акрамя выніковасці (тры галявыя перадачы і забіты мяч) Ямаль вызначыўся яшчэ шэрагам рэкордаў – самы малады гулец чэмпіянату Еўропы, самы малады футбаліст, які выйшаў на поле ў паўфінале турніру, самы малады футбаліст, які забіў гол на Еўра.

9 ліпеня Гішпанія гуляла ў паўфінале з камандай Францыі. Ужо на 9-й хвіліне французы адкрылі лік. Але на 21-й хвіліне Ямаль, які атрымаў пас на палове поля спаборнікаў, моцным ударам з-за межаў штрафной скіраваў мяч дакладна ў верхні левы кут – зраўняўшы лік і забіўшы гол, які каментатары і заўзятары назвалі адным з самых прыгожых на чэмпіянаце. Яшчэ адзін гол забіў Дані Ольма – і з лікам 2:1 Гішпанія перамагла. 14 ліпеня яна сустрэнецца ў фінале з пераможцам пары Нідэрланды – Англія. Для Гішпаніі гэта шанец стаць чэмпіёнам Еўропы ўпершыню з 2012 года.

37-гадовы Мэсі ў гэты самы час гуляе ў Кубку Амерыкі. У ноч з 9 на 10 ліпеня каманда Аргенціны, капітанам якой ён застаецца цягам многіх гадоў, выйшла ў фінал турніру (гол забіў Мэсі) і 15 ліпеня згуляе з пераможцам матчу паміж Уругваем і Калумбіяй.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках