У самым засушлівым месцы на Зямлі раптоўна з'явіліся кветкі
3- 12.07.2024, 20:43
- 10,000
Сапраўдны цуд.
У некаторых частках самай засушлівай пустыні свету навукоўцы заўважылі надзелы, пакрытыя далікатнымі белымі і фіялетавымі кветкамі. Гэтыя расліны прабіліся да жыцця пасля рэдкіх дажджоў і пацяплення, якія абудзілі заснулыя насенне і цыбуліны. Пустыня Атакама настолькі сухая, што навукоўцы NASA выкарыстоўваюць яе для імітацыі ўмоваў на іншых планетах, піша «Хатэйк».
Цяпер у паўднёвым паўшар'і сярэдзіна зімы. Кожныя некалькі гадоў у пустыні з`яўляюцца кветкі такіх мясцовых відаў, як званочак нолана. Звычайна гэта адбываецца позняй вясной, але сёлета квітненне пачалося нашмат раней. Навукоўцы звязваюць ранняе з'яўленне кветак з кліматычным феноменам Эль-Ніньё, які прынёс раннія дажджы ў Ціхаакіянскі рэгіён, прымусіўшы засухаўстойлівае насенне прарасці і зацвісці раней, чым звычайна.
Чылійскі біёлаг Сезар Пісара адзначыў, што, хоць заквітнелых надзелаў у пустыні цяпер мала, яны з калегамі ўважаюць гэтую падзею за афіцыйны пачатак вясновага квітнення Атакамы. Апошні раз такое ранняе квітненне назіралася ў 2015 годзе. Навукоўцы мяркуюць, што сітуацыя можа змяніцца пры большай колькасці дажджоў. Прагнозы на гэты год паказваюць на магчымасць павелічэння ападкаў, што можа прывесці да больш багатага квітнення.
Эль-Ніньё не толькі прывёў да квітнення пустыні, павысіўшы тэмпературу і выклікаўшы дажджы, але і зрабіў некаторыя рэгіёны свету, ад Каліфорніі да Еўропы, надзвычай гарачымі. Хоць Эль-Ніньё, які пачаўся блізу года таму, афіцыйна закончыўся ў мінулым месяцы, выкліканая ім спякота, пагаршэнне змены клімату, застаецца.