У Варшаве прайшла вечарына памяці беларускага добраахвотніка Мікалая Ільіна.
2- 13.07.2024, 19:58
- 3,854
Вечная слава Герою.
13 ліпеня 2024 года ў храме Святога Аляксандра ў Варшаве адбылася вечарына памяці Мікалая «Эстонца» Ільіна.
На мерапрыемстве выступілі ксёндз Вячаслаў Барок, галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна, лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, былы баец батальёна «Волат» Сяргей Пальчэўскі і адзін з лідараў «Еўрамайдан. Варшава» Раман Корбут.
Прагучалі шчырыя словы пра жыццёвы шлях аднаго з герояў плошчы Кастуся Каліноўскага 2006 года, беларуса, які вымушаны быў пакінуць радзіму праз палітычныя пераследы і атрымаў эстонскае грамадзянства – Мікалая Ільіна, які загінуў за Украіну на Данбасе 4 гады таму, паведамляе прэс-група Руху Салідарнасці «Разам».
Быў агучаны спіс усіх беларускіх добраахвотнікаў, якія аддалі жыццё за Украіну і чые імёны вядомыя. Гэтыя светлыя імёны, як і імёны беларусаў, якія загінулі ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, ніколі не павінны быць забытыя. Усе выступоўцы казалі пра складаную сітуацыю ў Беларусі, але выказвалі надзею, што надыдзе час, калі вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў будуць насіць імёны беларускіх герояў. Між іншым, у вызваленым Магілёве з'явяцца вуліцы і плошчы ў гонар Мікалая Ільіна, які сваім гераічным жыццём і смерцю абʼяднаў Беларусь, Украіну і Эстонію.
Сёння ў Варшаве прагучалі словы падзякі на адрас Эстоніі, словы ў падтрымку Украіны і балючыя словы пра Беларусь. Словы пра героя Беларусі і Украіны, грамадзяніна Эстоніі Мікалая Ільіна.
Мікалай Ільін нарадзіўся ў 1984 годзе ў Беларусі. У пачатку 2000-х быў актывістам «Маладога фронту» і адным з лідараў Магілёўскага аддзялення «Зубра». Неаднаразова быў затрыманы, зазнаў судовы пераслед. Падчас разгону Плошчы 2006 года быў моцна збіты міліцыянтамі, страціў прытомнасць і быў шпіталізаваны. Праз палітычны пераслед быў вымушаны эміграваць.
Ільін жыў у Эстоніі і атрымаў грамадзянства. Пасля пачатку вайны на Данбасе прыехаў ва Украіну і запісаўся ў добраахвотнікі. Ён служыў у 35-й асобнай брыгадзе марской пяхоты ў якасці вайсковага медыка.
Мікалай валодаў англійскай, эстонскай, беларускай, польскай, расейскай і ўкраінскай мовамі.
Вечная слава Героям!
Жыве Беларусь!