Гішпанія перадае Украіне новую партыю Leopard 2
2- 15.07.2024, 20:51
- 3,204

Кіеў атрымае 10 танкаў.
Гішпанія пачала перадачу Украіне новай партыі ваеннай дапамогі. У яе ўваходзяць 10 баявых танкаў Leopard 2А4, некалькі экскаватараў і вялікая колькасць супрацьтанкавых ракетаў.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Гішпаніі.
«Пачалася мультымадальная транспарціроўка ва Украіну 10 баявых танкаў Leopard 2А4, якія прайшлі працэс рамонту, налады і гатоўнасці на заводзе Santa Bárbara Sistemas у Алькала-дэ-Гуадайра, а таксама адпаведныя выпрабаванні для праверкі іх поўнай працаздольнасці», – гаворыцца ў паведамленні.
Ва ўстанове адзначылі, што новая партыя дапамогі прыбудзе ў Польшчу ўжо гэтымі выходнымі, пасля чаго яны будуць пастаўленыя ўкраінскім вайскоўцам.
«Узброеныя сілы Украіны будуць несці адказнасць за апошні этап перамяшчэння па тэрыторыі Украіны да вылучэння яе ў распараджэнне аператыўных падраздзяленняў украінскага войска», – гаворыцца ў паведамленні.
Пры гэтым зазначаецца, што з новай партыяй танкаў Leopard 2A4 Гішпанія перадала Украіне ў агульнай колькасці 20 такіх танкаў, і плануе падрыхтаваць або перадаць яшчэ адзін новы камплект у другой палове 2024 года.