8 лiпеня 2024, панядзелак, 6:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы размаўлялі хвілін пяць - і наша віза была адобраная»

15
«Мы размаўлялі хвілін пяць - і наша віза была адобраная»

Беларуска расказала, як з сям'ёй атрымлівала турыстычныя візы ў ЗША.

Зусім нядаўна беларуска Алена разам з сям'ёй пераехала ў Лос-Анджэлес. У сваім блогу «Прывітанне з Каліфорніі» на YouTube дзяўчына расказвае пра досвед атрымання турыстычнай візы ў Амерыку. Увагу на ролік звярнуў CityDog.

Са слоў Алены, першым у Амерыцы пабываў яе муж Аляксандр - яшчэ ў 2016 годзе. Праз паўгода жыцця там мужчына вярнуўся ў Беларусь, падаў дакументы на прадаўжэнне візы - і атрымаў адмову. Каб пасля такога выніку атрымаць запаветны штамп, трэба нешта змяніць у сваім жыцці, гаворыць дзяўчына: напрыклад, ажаніцца, завесці дзіця, набыць нерухомасць, адкрыць бізнэс.

Жыццё ішло, Алена і Аляксандр ажаніліся, у іх з'явіліся дзеці. І вось год таму сям'я звярнулася ў турагенцтва, каб паспрабаваць адкрыць турыстычную візу. Там пару папярэдзілі, што адразу на ўсю сям'ю ці наўрад яе дадуць, таму лепш падаваць дакументы спачатку толькі на аднаго. Пастанавілі, што гэта будзе муж Алены.

«У 2023 годзе проста запісацца на візу каштавала 400 рублёў на чалавека», – адзначае дзяўчына і дадае, што ў гэтую суму не ўваходзіць консульскі ўнёсак. Крыху пазней надумалі падаць дакументы ўсё ж і на Алену, і на яе мужа. Уклалі дамову — і сям'я з'ехала ў падарожжа па Еўропе.

Як праходзіла сумоўе ў пасольстве

У анкеце, якую падавалі муж і жонка, трэба было ўказаць, куды яны збіраюцца ехаць, на колькі і калі. Кансультантка, якая дапамагала з дакументамі, запэўніла, што падчас інтэрв'ю ніякіх дадатковых пытанняў задаваць не будуць - толькі тыя, што ў анкеце. А Аляксандр расказваў жонцы, што ёсць усяго 10 стандартных пытанняў, якія прынята задаваць падчас размовы.

- У самой амбасадзе трэба паводзіць сябе натуральна: смяяцца, усміхацца, рабіць выгляд, як быццам табе ўсё адно - зайшоў проста кавы ўзяць, уласна кажучы. Пажадана апрануцца ў светлае адзенне, не надзяваць нейкіх кідкіх дарагіх упрыгожванняў: усё супермінімалістычна, проста, прыгожа. І ніякага суперяркага макіяжу, — расказвае Алена. Таксама дзяўчына кажа, што, калі ідзяце ў пасольства, рэчы трэба пакінуць дома: нават тэлефон у вас забяруць - патрэбныя толькі дакументы. Дзяцей пара таксама з сабой на інтэрв'ю не брала.

Ужо ў самім пасольстве мужа и жонку спыталі, на якой мове яны хочуць весці гутарку - на расейскай або ангельскай. Спыніліся на другім варыянце:

- І добра, што так пастанавілі, бо супрацоўнік, які гутарыў на расейскай мове, бясконца ставіў усім адмовы.

Перш за ўсё Алену і Аляксандра спыталі, ці яны бралі шлюб, на што пара адказала:

- Так, і ў нас ёсць дзеці, мы з імі ўжо шмат падарожнічалі, хочам без іх паляцець.

Далей пацікавіліся, колькі яны зарабляюць (пацвярджэння не прасілі), ці ёсць у іх жыллё ў Беларусі і якое («У нас ёсць кватэра, але плануем набыць дом»), кім яны працуюць. І плюс у Аляксандра яшчэ ўдакладнілі аб папярэдняй паездцы ў ЗША.

- Мы размаўлялі хвілін пяць - і наша віза была адобраная, - кажа беларуска.

Як атрымалі візы на дзяцей і які далейшы план

Праз нейкі час пасля таго, як Алена і Аляксандр атрымалі свае візы, пастанавілі запісаць на сумоўе і дзяцей. Але, паводле слоў дзяўчыны, іх браць з сабой у пасольства было не абавязкова — дастаткова толькі бацькоў. Падача на візу выпала на 24 лютага, а перад гэтым - 19 студзеня - Алена з мужам паляцелі ў Амерыку.

Ужо ў пасольстве падчас сумоўя муж і жонка расказалі, што пасля паездкі яны захацелі адправіцца ў падарожжа і з дзецьмі: падзяліліся планам паездкі, назвалі месцы, праз якія хочуць праехаць. З дакументаў папрасілі паказаць толькі пашпарты ўсіх сямейнікаў. У выніку візы дзецям таксама адобрылі.

Цяпер уся сям'я знаходзіцца ў Амерыцы па турыстычнай візе (легальна яны могуць знаходзіцца там да лістапада) і паралельна рыхтуе дакументы на візу талентаў.

- Але падавацца адразу на яе нельга: трэба пачакаць нейкі час, у нашым выпадку гэта тры месяцы, - адзначае Алена.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках