Генерал Ратка Младзіч атрымаў траўму галавы ў турме ў Гаазе
15- 16.08.2024, 19:00
- 8,934
Былы камандзір сілаў баснійскіх сербаў асуджаны да пажыццёвага зняволення.
Былы камандзір сілаў баснійскіх сербаў Ратка Младзіч траўмаваў галаву ў турме ў Гаазе, паведамляе тэлерадыёкампанія RTRS са спасылкай на сына Младзіча Дарко.
Ён прыехаў у Нідэрланды, каб наведаць бацьку ў турме, аднак у ізалятары паведамілі, што перавялі Младзіча ў гарадскую лякарню пасля атрымання траўмы. Младзіч прабыў у медустанове два дні, пасля яго накіравалі назад у турму.
«Нам расказалі, што ён упаў і моцна стукнуўся галавой, пасля страціў прытомнасць. <...> Збольшага ягоны стан не змяніўся, ён прыкаваны да ложка», – расказаў Дарка Младзіч.
Стан генерала па-ранейшаму вельмі цяжкі, дадаў Младзіч-малодшы. У вайскоўца ўзніклі праблемы з ціскам, які лекары не могуць збіць ужо некалькі дзён. Младзіч-малодшы нагадаў, што ягоны бацька з красавіка амаль не ўстае з ложка праз пагаршэнне здароўя.
Міжнародны трыбунал датычна былой Югаславіі асудзіў Младзіча да пажыццёвага зняволення ў лістападзе 2017 года. Яго прызналі вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасці, тэроры, нападах на цывільных асобаў і захопе закладнікаў.
Адным з асноўных эпізодаў, паводле якіх абвінавачвалі Младзіча, сталі падзеі ў Срэбраніцы, чыё насельніцтва ў асноўным складалі мусульмане. У 1993 годзе Рада бяспекі ААН абвясціла Срэбраніцу зонай бяспекі, аднак войска Рэспублікі Сербскай абклала горад і ўзяло яго ў ліпені 1995 года. У выніку было забіта блізу 8 тыс. чалавек, што стала самым вялікім масавым забойствам у Еўропе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.
Младзіч не прызнаў віну ні ў адным з пунктаў абвінавачання.