Зяленскі: Камандзіры павінны быць на перадавой з ваярамі
12- 5.08.2024, 21:00
- 5,874
Галоўны камандзір УСУ знаходзіцца на перадавой і падае прыклад.
Галоўны камандзір Узброеных сілаў Украіны Аляксандр Сырскі знаходзіцца на перадавой разам з абаронцамі краіны ад Расеі, і гэтак сама павінны рабіць іншыя камандзіры. Пра гэта ў звароце паводле вынікаў 5 жніўня заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, стэнаграму апублікавала ягоная прэс-служба.
«Сёння [быў] даклад галоўнага камандзіра Сырскага, ён цяпер непасрэдна на перадавой, у баявых брыгадах і на месцах, высвятляе канкрэтныя патрэбы нашых брыгадаў, канкрэтную сітуацыю на кожным кірунку. Вельмі важна, каб камандзіры ўсіх узроўняў – ад самага высокага – мелі прамы кантакт з перадавой, там былі непасрэдна – з ваярамі, якія выконваюць самыя складаныя задачы», – сказаў прэзідэнт.
Паводле ягоных словаў, «многае ўжо для гэтага зроблена».
Ён таксама падзякаваў «кожнаму камандзіру, які сапраўды са сваімі салдатамі».
«Сёння ж мы падрабязна прапрацавалі з прэм'ер-міністрам [Дзянісам] Шмыгалем парадак працы на гэты месяц. [...] Прэм'ер-міністр даклаў і датычна рэгіянальнай працы чыноўнікаў – гэта правільна, каб урад быў у абласцях і рэальна бачыў праблематыку, хутка і на месцах прымаў пастановы», – мяркуе Зяленскі.
Прэзідэнт, сярод іншага, згадаў пра падрыхтоўку да навучальнага года.
«Цяпер шмат пытанняў пра падрыхтоўку новага навучальнага года. Наш прыярытэт – максімальна дапамагчы школам ва ўсіх рэгіёнах, дзе бяспека гэта дазваляе, адчыніцца для дзяцей і працаваць афлайн. Урад цяпер рыхтуе некалькі тэхнічных ідэяў, якія дапамогуць менавіта гэтаму», – растлумачыў Зяленскі.