Беларусаў на выходных чакае самая прыгожая астранамічная падзея лета
2- 6.08.2024, 21:18
- 4,330
У ноч з 11 на 12 жніўня можна будзе ўбачыць пік метэорнай плыні Персеіды.
У ноч з 11 на 12 жніўня беларусы змогуць назіраць да 100 упалых зорак за гадзіну. На гэтую дату прыпадае пік метэорнай плыні Персеіды. Навукоўцы абяцаюць, што больш за ўсё метэораў атрымаецца ўбачыць у перадсвітальны час.
Назіраць зарапад лепш за ўсё за горадам, удалечыні ад святла ліхтароў, у мясцовасці з даволі адкрытым далягладам. Важная ўмова – яснае надвор'е. Убачыць, як падаюць зоркі, можна будзе няўзброеным вокам. Трэба глядзець на паўночны ўсход, дзе ў гэты час і размесціцца Персей.
Плынь Персеіды – штогадовая з'ява. Яна ўтворыцца ў выніку праходжання Зямлі праз шлейф пылавых часцінак, выпушчаных каметай Свіфта – Татла. Драбнюткія часцінкі, памерам з пясчынку, ляцяць з хуткасцю прыкладна 60 кіламетраў за секунду і сутыкаюцца з верхняй часткай атмасферы на вышынях блізу 80 кіламетраў. Яны згараюць, утвараючы «зорны дождж».