13 снежня 2025, Субота, 12:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча адзначае Дзень незалежнасці

Польшча адзначае Дзень незалежнасці

Кульмінацыяй урачыстасцяў у Варшаве стане канцэрт Wspólna Niepodległa.

11 лістапада Польшча адзначае 107-ю гадавіну аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці. З гэтай нагоды ўжо 10 лістапада вуліцы і дамы гарадоў і вёсак упрыгожаны нацыянальнымі бела-чырвонымі сцягамі. Па ўсёй краіне запланаваны шэсці, канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы, паведамляе «Польскае радыё».

У Варшаве — акрамя асноўных урачыстасцяў на плошчы маршала Юзэфа Пілсудскага, штогадовага Марша незалежнасці і XXXV Забегу незалежнасці — запланаваны гістарычныя і сямейныя мерапрыемствы, у прыватнасці, на вуліцы Кракаўскае Пшэдмесце.

Прэс-сакратар каменданта паліцыі Варшавы Роберт Шумята нагадаў, што ўдзельнікам масавых мерапрыемстваў варта выконваць правілы бяспекі:

«У гэты дзень нельга выходзіць на вуліцы Варшавы са зброяй. Забараняецца выкарыстанне піратэхнічных сродкаў. У сувязі з сучаснай геапалітычнай сітуацыяй існуюць пагрозы тэрактаў, таму і ўведзена такая забарона. Таксама забаронены палёты дронаў».

Кульмінацыяй сталічных урачыстасцяў стане канцэрт «Агульная незалежная» (Wspólna Niepodległa) у Варшаўскай крэпасці, на якім выступяць 16 артыстаў з 16 ваяводстваў краіны. Ён пачнецца а 18:00, а выканаўцы прадставяць традыцыйныя песні ў сучасных аранжыроўках. Уваход вольны, а дабрацца да месца будзе лёгка дзякуючы спецыяльнай бясплатнай аўтобуснай лініі WN.

У цэнтры Варшавы ўжо з раніцы праходзяць канцэрты, выставы, майстар-класы, гістарычныя прагулкі і канцэрты. Спецыяльныя аўтобусы дапамагаюць жыхарам перамяшчацца паміж месцамі падзей. Дадаткова запушчана рэтралінія з гістарычнымі аўтобусамі, у якіх падчас паездкі экскурсавод распавядзе пра гісторыю 11 лістапада і аднаўленне незалежнасці.

У Кракаве адбудуцца: імша ў катэдральным саборы на Вавелі, шэсце і цырымонія каля Магілы Невядомага Салдата з удзелам салдат польскага войска, менш фармальныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. Па вуліцах горада будзе курсіраваць «Патрыятычны» трамвай, а яго пасажыры атрымаюць бясплатныя «Спеўнікі польскіх патрыятычных песень» з каляровай устаўкай, прысвечанай 150-годдзю гарадскога транспарту ў Кракаве. Урачыстасці ў Кракаве завершыць вячэрні 93-і Урок спеву «Радасная незалежнасць» на плошчы Рынак.

Гданьск з раніцы адзначае гадавіну аднаўлення незалежнасці Польшчы парадам, удзельнікі якога пройдуць праз Стары горад да Зялёнай брамы, ля якой будзе выкананы дзяржаўны гімн. У Гдыні а 8:00 стартаваў Гдыньскі забег незалежнасці. У Сопаце можна будзе ўбачыць, у прыватнасці, парад рэтра-аўтамабіляў і пажарных машын, да якога далучацца веласіпедысты. А 12:00 запланаваны дабрачынны скачок з пірса «Скачок незалежнасці — свабодныя ў вадзе» (Skok Niepodległości – Wolni w wodzie), мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя ідэй дабрачыннасці і дапамогі людзям з інваліднасцю.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках