5 снежня 2025, Пятніца, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Лукашэнку варта ўспомніць словы генерала ЗША пра Калінінград

19
Наталля Радзіна: Лукашэнку варта ўспомніць словы генерала ЗША пра Калінінград
Наталля Радзіна

NATO адкажа на правакацыі супраць краін Балтыі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна стала госцяй YouTube-канала вядомага журналіста Яўгена Кісялёва.

Асноўныя тэмы размовы – дрон, які рэзнуўся ў менскі дом уночы 29 ліпеня, вучэнні «Захад-2025» і магчымы напад з тэрыторыі Беларусі на краіны Балтыі і Польшчу.

Наталля Радзіна выказала меркаванне, што інцыдэнт з дронам - заканамерны вынік таго, што Расея выкарыстоўвае паветраную прастору Беларусі для абстрэлаў Украіны:

- Гэта няўдача беларускай СПА. Калі паглядзець на статыстыку, то ў ліпені быў пастаўлены рэкорд: блізу 59 інцыдэнтаў з расейскімі дронамі, якія ляцелі ва Украіну і былі зафіксаваныя ў Беларусі. Гэтыя дроны ўжо падалі ў Гомелі, у Касцюковічах, у Хойніках, але вось зараз дрон упаў не ў Гомельскай вобласці, а непасрэдна ў Менску. Больш за тое, ён рэзнуўся ў жылы дом практычна ў цэнтры сталіцы — у Фрунзенскім раёне на вуліцы Матусевіча. Цудам абышлося без ахвяр, бо дрон сапраўды нёс баявы набой і быў начынены трацілам. Ён упаў на паркоўку, былі пашкоджаныя аўтамабілі. Калі б дрон выбухнуў непасрэдна стукнуўшыся аб будынак, былі б ахвяры. У гэтым двары, дарэчы, знаходзіцца дзіцячы садок.

Мы бачым наступствы таго, што Беларусь пад кіраваннем дыктатара Лукашэнкі, на жаль, з'яўляецца прамым удзельнікам вайны Расеі супраць Украіны. Але гэта немінучыя наступствы гэтага ўдзелу.

Для аматараў канспіралагічных тэорый магу сказаць, што ўчора звярнула ўвагу на інфармацыю, што ў Менску таемна будуецца завод для вытворчасці беспілотнікаў. Калі вы памятаеце, падчас сустрэчы вясной Пуцін і Лукашэнка дамовіліся аб будаўніцтве ў Беларусі завода для вытворчасці дронаў.

Згодна з новай інфармацыяй, гэта прадпрыемства будуецца акурат у Менску, у тым жа самым Фунзенскім раёне, дзе ўпаў дрон. На вуліцы Янкі Маўра, гэта недалёка ад вуліцы Матусевіча. Як можна будаваць вайсковы завод для вытворчасці беспілотнікаў проста ў цэнтры сталіцы — я не магу гэтага зразумець, бо гэта прамая пагроза жыхарам Менска. Бо такія аб'екты з'яўляюцца законнай цэллю для Узброеных Сіл Украіны.

Але я не буду сцвярджаць, што гэта ўкраінскі дрон, бо не было ніякіх заяў з украінскага боку. Цалкам магчыма, гэта ўсё ж такі расейскі “Шахед”, але ўлады паспрабавалі абвінаваціць ва ўсім Украіну.

Ці могуць супольныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2025», якія пройдуць у нашай краіне восенню, прывесці да правакацый супраць краін Балтыі і Польшчы і спроб прарыву Сувалцкага калідора? Наталля Радзіна не выключае такую магчымасць:

- Кіраўнікі Літвы, Польшчы, Латвіі і Эстоніі кажуць, што ёсць такая пагроза. У верасні, калі прызначаныя манеўры "Захад-2025" на тэрыторыі Беларусі, у краінах Балтыі і Польшчы таксама пройдуць вучэнні. У Польшчы яны будуць называцца “Жалезны абаронца". У іх возьмуць удзел больш за 30 тысяч польскіх вайскоўцаў, прычым будуць задзейнічаны ўсе віды войскаў — і вайсковы марскі флот, і авіяцыя, і падраздзяленні спецыяльнага прызначэння, і тэрытарыяльная абарона.

У Літве дагэтуль шукаюць дрон, які другі раз за ліпень заляцеў на тэрыторыю краіны. Гэтым разам міністарка абароны заявіла, што чакаюцца далейшыя правакацыі і БПЛА будуць часцей залятаць падчас вучэнняў, таму да мяжы перасоўваюцца сістэмы СПА і фармуюцца мабільныя агнявыя групы для барацьбы з беспілотнікамі.

З пункту гледжання здаровага сэнсу, у Пуціна сёння няма рэсурсаў для вядзення вайны на некалькіх франтах - і супраць Украіны, і супраць краін NATO. Але, улічваючы, што Пуцін-псіхапат, можна меркаваць, што ён можа скарыстацца тым, што Еўропа не гатовая да вайны. Калі мы сабе ўявім, што на Літву паляціць не адзін-два дроны, а сцяна БПЛА, ці зможа сістэма СПА гэтай краіны адбіць гэтую атаку?

Тут мяне абнадзейвае вельмі жорсткая заява, якую зрабіў камандзір войска ЗША ў Еўропе генерал Крыстафер Донах'ю. Ён заявіў, што ў выпадку, калі адбудзецца напад на краіны Балтыі, Калінінград літаральна будзе сцёрты з твару зямлі.

З ягоных слоў, будуць нанесеныя ўдары па пускавых устаноўках балістычных ракет тыпу “Іскандэр” у Калінінградзе, па караблях ды інфраструктуры Балтыйскага флоту, па ЗРК С-300/С-400 і па расейскіх войсках. У выпадку, калі гэта адбудзецца з тэрыторыі Беларусі, думаю, што цэлі за выключэннем флоту, будуць такімі ж.

Калі з тэрыторыі Беларусі рушаць войскі, калі будзе ракетна-дронавы ўдар з тэрыторыі нашай краіны, будзе нанесены ўдар па вайсковых аб'ектах і збой расейскіх і беларускіх войскаў. І гэта можа спыніць як Пуціна, так і Лукашэнку, ад якога мала што залежыць.

Украінскія экспэрты, напрыклад, кажуць, што падчас гэтых вучэнняў могуць быць правакацыі супраць краін Балтыі, каб адцягнуць увагу, а супраць Украіны можа быць адкрыты новы фронт — з поўначы, акурат з тэрыторыі Беларусі. Магчыма, пачнуцца баі ў Кіеўскай вобласці або будуць наносіцца ўдары па Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцях.

Ці зацікаўлены Лукашэнка ў абвастрэнні сітуацыі? Беларуская журналістка мяркуе, што напад з тэрыторыі Беларусі на краіны Балтыі ці Украіну стане для дыктатара катастрофай:

- Ад яго нічога не залежыць. Лукашэнка застаецца толькі маліцца, каб Пуцін не выкарыстаў тэрыторыю Беларусі супраць краін Балтыі і Украіны. Але гэта непазбежна. Калі вайна будзе працягвацца, калі Пуціна цяпер не спыніць, то беларускі плацдарм, безумоўна, будзе ім выкарыстаны.

І для Лукашэнкі гэта, вядома ж, катастрофа, бо ён выдатна разумее, што калі будзе пагроза для краін NATO з Беларусі, значыць будуць наносіцца ўдары і, магчыма, адбудзецца ўваход войскаў краін NATO на тэрыторыю краіны.

Яўген Кісялёў спытаў, ці можа Лукашэнка звярнуцца да Захаду з заклікам спыніць уваход расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Наталля Радзіна такі варыянт выключае:

- Баюся, што ў яго не хопіць палітычнай волі звярнуцца, бо ў гэтым выпадку яму немінуча давядзецца страціць уладу. Ён сёння на такім кароткім ланцужку ў Пуціна, што ў яго сёння няма ніякіх шанцаў на самастойныя дзеянні.

30 гадоў Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе дзякуючы Расеі, жыве на рэсурсы Крамля. Незлічоныя вайсковыя дамовы і групоўка расейскіх войскаў пазбавілі беларускае войска самастойнасці. Яно сёння кіруецца з Генштаба Расеі. Як доўга Лукашэнка пражыве, калі звярнуцца да Захаду па дапамогу? Я б вітала такі крок, але Лукашэнка баіцца Захаду, для яго там «ворагі». Таму дыктатар апынуўся паміж молатам і кавадлам, і гэта ягоная ўласная віна.

Ці мог Лукашэнка абмяркоўваць з генералам ЗША Кітам Келагам, які прыязджаў у Менск 21 чэрвеня, гарантыі няўдзелу Беларусі ў новых агрэсіўных дзеяннях Расеі? Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што верыць абяцанням дыктатара нельга:

- Думаю, што з Келагам, акрамя магчымасці вызвалення шэрагу палітычных зняволеных, яны абмяркоўвалі і ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны. Магу выказаць здагадку, што Лукашэнка пераконваў Келага, як у свой час прэзідэнтаў Украіны Пятра Парашэнку і Уладзіміра Зяленскага, што ніколі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну не ступіць нага ні расейскага, ні беларускага жаўнера.

Але мы ж выдатна разумеем цану яго слоў. Думаю, што Келаг яго папярэдзіў пра тое, чым небяспечны ўдзел Беларусі ў гэтай вайне. Больш за тое, успомнім, на якім фоне адбываўся гэты візіт. Ізраіль тады наносіў удары па Іране, пазбаўляючы Расею і рэжым Лукашэнкі хаўрусніка, значна саслабляючы Тэгеран. Вядома, Лукашэнка быў напалоханы. Але ці зможа ён стрымаць сваё слова? Мы выдатна разумеем, што ён сам сабе не гаспадар сёння.

Яўген Кісялёў працытаваў прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска, які заявіў, што найбліжэйшым часам вайна будзе спыненая. Наталля Радзіна мяркуе, што для гэтага сёння няма перадумоў:

- Не ведаю, адкуль у прэм'ер-міністра Польшчы такая перакананасць, што вайна можа вось-вось скончыцца, але, вядома ж, ён валодае большай інфармацыяй.

Аднак я не бачу сёння прыкмет таго, што Пуцін спыніцца, а Украіна прыме тыя ўльтыматыўныя прапановы, якія сёння ставіць Крэмль перад ёю —“дэмілітарызацыя”, “дэнацыфікацыя”, прызнанне акупаваных Расеяй тэрыторый. Мы разумеем, што ў выпадку прыняцця гэтых пастаноў Расея немінуча “зжарэ” астатнюю частку Украіны, а потым пойдзе вайной на Еўропу.

Ці змогуць спыніць Пуціна стоадсоткавыя мыты, якія Трамп пагражае ўвесці праз 10 дзён супраць краін, якія купляюць расейскія энэргарэсурсы? Я не ўпэўненая. Вы ж бачылі заяву Кітая аб тым, што ён не адмовіцца ад закупкі расейскай нафты і пагодзіцца з гэтымі стоадсоткавымі мытамі.

Як у такім выпадку можна спыніць Пуціна? Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org падае некалькі дзейсных інструментаў ціску:

- Трэба даць Украіне столькі зброі, колькі ёй трэба, не дазуючы яе. Трэба ўводзіць супраць Пуціна рэальныя жорсткія санкцыі, спыніць закупку расейскай нафты, газу, звадкаванага прыроднага газу. Другасныя санкцыі - добры крок з боку ЗША, але да гэтых другасных санкцый павінен далучыцца і Еўрапейскі Звяз.

Больш за тое, Еўразвяз павінен адмовіцца ад расейскай нафты ці хаця б усталяваць цэнавую граніцу на яе сумай 30 еўраў, як гэта прасіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Адмовіцца цалкам ад расейскага газу, які працягвае закупляць Вугоршчына і Славаччына, адмовіцца ад звадкаванага прыроднага газу з Расеі. Мы ведаем, што найбуйнейшымі пакупнікамі ЗПГ з'яўляюцца Францыя, Гішпанія, Бэльгія, Нідэрланды.

У гэтым выпадку, калі цалкам перакрыць кісларод Расеі, гэта можа спыніць вайну, бо эканамічны патэнцыял Расеі невялікі. Мы з вамі неяк ужо параўноўвалі, ВУП у намінале Еўразвязу і Вялікабрытаніі — 22 трыльёны еўраў. ВУП у намінале Расеі - 2 трыльёны. Прычым Пуцін паставіў сваю эканоміку на вайсковыя рэйкі, што яе забівае.

Яўген Кісялёў звярнуў увагу на навіну пра тое, што рэйтынг Трампа ўпаў да рэкордна нізкага ўзроўню за яго другую кадэнцыю — 40 адсоткаў. Наталля Радзіна мяркуе, што гэта заканамерны вынік:

- За сем месяцаў прэзідэнцтва Трампа не можа пахваліцца ніякімі поспехамі. Вайна ва Украіне за 24 гадзіны ім скончаная не была. Вось гэтыя гандлёвыя войны, развязаныя з усім светам, пагрозы анэксаваць Грэнландыю, Мексіку, Канаду, працверазілі яго электарат.

Мы бачым, што сёння вельмі шмат крытыкі Трампа і з боку не толькі дэмакратаў, але і рэспубліканцаў і рэспубліканскай прэсы. Спадзяюся, што гэта ацверазіць прэзідэнта ЗША і ён пачне дзейнічаць больш рашуча ў дачыненні да той жа самай Расеі, якая сёння з'яўляецца адной з галоўных сусветных пагроз.

З гэтым-то я і звязваю яго апошнія жорсткія заявы Трампа аб тым, што ён мае намер дзейнічаць рашуча ў дачыненні да Пуціна, не мае намеру з ім больш размаўляць і будзе рабіць больш жорсткімі санкцыі супраць крамлёўскага рэжыму. Грамадская думка Трампа хвалюе, і ён вымушаны з ёй лічыцца.

Калі ЗША будуць дзейнічаць разам з ЕЗ і ў пытаннях падтрымкі Украіны, і ў пытаннях санкцыйнага ціску на рэжымы Пуціна і Лукашэнкі, то ёсць усе шанцы перамагчы. Мы выдатна разумеем, што самае галоўнае, што перашкаджае сёння Захаду — гэта страх вайсковай паразы Расеі. Але вайна не спыніцца, калі Пуцін не пацерпіць паразы. Зруйнавальны ўдар па Расеі могуць нанесці ЗША і Еўропа, нават нягледзячы на хаўрусніка РФ у выглядзе Кітая.

Беларуская журналістка расказала, як яна бачыць паразу Расеі:

- Па-першае, безумоўна, не трэба баяцца сёння біць па расейскіх тэрыторыях, аж да сталіцы Расеі. Калі вайна будзе далей эскалявацца, то Украіна мае права наносіць удары дальнабойнымі ракетамі. Вядома, гэтыя дальнабойныя ракеты яна павінна сёння атрымаць, бо пакуль у яе іх няма.

Па-другое, у выпадку працягу правакацыі ў дачыненні да краін Захаду, цалкам магчыма ўвядзенне войскаў NATO на тэрыторыю Расеі.

Якім будзе гэта параза? Украінскі публіцыст Віталь Портнікаў кажа, “Мы не зацікаўленыя ў распадзе Расеі, нам патрэбная Дэмакратычная Расея". Мы ж разумеем, што Расея-імперыя, імперыі ліберальнай не бывае.

Ці ёсць у каўказскіх рэспублік або Татарстана права на самавызначэнне? Калі Расея стане ліберальнай імперыяй, гэтыя рэспублікі захочуць стаць незалежнымі, і Цэнтру давядзецца з гэтым пагадзіцца. Ядзерны патэнцыял Расні, які многіх палохае, трэба браць пад міжнародны кантроль і выводзіць з краіны. А пасля гэтага хай ствараюцца новыя дзяржавы з бяз'ядзерным статусам.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках