«Народная Грамада» пра Мікалая Статкевіча: Кожная хвіліна мае значэнне
6- 14.09.2025, 22:15
- 12,200
Апазіцыйная партыя патрабуе прадаставіць інфармацыю пра свайго лідара.
Прэзідыум партыі «Народная Грамада» апублікаваў заяву у сувязі з знікненнем лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча. Ужо чацвёртыя суткі нічога невядома аб лёсе апазіцыйнага палітыка. Нагадаем, што Мікалай Статкевіч адмовіўся пакідаць Беларусь падчас прымусовай дэпартацыі палітвязняў у Літву. На мяжы ён выбіў дзверы аўтобуса, у якім везлі зняволеных, і выбег на тэрыторыю Беларусі.
«Народная Грамада» патрабуе публічнага абнародавання поўнай інфармацыі ад органаў, адказных за вываз і суправаджэнне Мікалая Статкевіча, а таксама:
— Незалежнага і празрыстага расследавання з удзелам міжнародных інстытуцый (АБСЕ, Еўрапейскі Саюз, Камітэт па правах чалавека ААН) і праваабарончых арганізацый па сітуацыі з Мікалаем Статкевічам.
— Свабоднага доступу адвакатаў і сям'і да Мікалая неадкладна, калі ён знаходзіцца ў даступным месцы ў Беларусі або за яе межамі.
— Публічнага абавязацельства з боку беларускіх прадстаўнікоў гарантаваць фізічную бяспеку Мікалая Статкевіча і абарону яго правоў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
«Мы заклікаем журналістаў, міжнародныя прадстаўніцтвы і ўсіх неабыякавых грамадзян не закрываць вочы. Паведамленні пра месцазнаходжанне Мікалая павінны публікавацца не праз чуткі, а праз афіцыйныя каналы з пацверджаннямі. Час ідзе — кожная хвіліна мае значэнне», — піша «Народная Грамада».
«Просім распаўсюджваць гэта паведамленне, пазначаць міжнародныя арганізацыі і дыпламатычныя місіі і не даваць беззаконню магчымасці ўзяць верх над жыццём і годнасцю Мікалая Статкевіча», — гаворыцца ў заяве.
Зазначым, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна паведаміла, што жыццю Мікалая Статкевіча пагражае небяспека.