Спартанцы Жоўкеўскага: як нашы продкі разграмілі маскавітаў пад Клушынам
2- 11.10.2026, 9:54
Маскоўскае войска фактычна перастала існаваць.
У цараванне баярскага цара Васіля Шуйскага вырашалася будучыня Маскоўскай дзяржавы. Дзяржава перажыла наймацнейшыя ўзрушэнні на пачатку XVII стагоддзя. Знямоглая ад апрычніны Грознага, шматгадовага голаду пры Барысе Гадунове і авантураў самазванцаў, краіна сутыкнулася з вонкавай інтэрвенцыяй, піша «Літвін».
Польскія і літвінскія арыстакраты вырашылі, што настаў час канчаткова вырашыць праблему: нарэшце пакласці канец пастаяннай пагрозе з усходу, прыцішыўшы пыл ахвочых да тэрытарыяльных захопаў маскоўскіх князёў і баяраў.
У чэрвені 1610 года войска польскага караля Жыгімонта праводзіла аблогу Смаленска, імкнучыся вярнуць у склад ВКЛ яго старажытныя ўладанні, набытыя яшчэ пры вялікім Вітаўце. На дапамогу гарнізону Смаленскай крэпасці з Масквы выступіла войска Дзмітрыя Шуйскага. Дзмітрый быў родным братам цара Васіля Шуйскага, але лічыўся няўпэўненай асобай і адкрыта слабым военачальнікам, да таго ж нелюбым народам.
Пад Мажайскам да войска Дзмітрыя далучылася падмацаванне шведскіх наймітаў пад камандаваннем Якоба Дэлагардзі. Усяго з рускага боку да бітвы рыхтавалася каля 40 тысяч чалавек. Даведаўшыся пра выступ рускага войска, палякі вылучылі з арміі, што асаджала Смаленск, некалькі карпусоў, загадаўшы ім рухацца на ўсход і разграміць праціўніка. Камандаванне войскам, лікам каля 10 тысяч, прыняў вопытны палкаводзец гетман Жоўкеўскі.
Першапачаткова гетман разлічваў напасці на ўмацаваны стан у Царавым Займішчы, які служыў аховай для асноўнага рускага войска. Жоўкеўскі акружыў астрог, у якім знаходзіўся 8-тысячны атрад ваяводы Валуева і князя Ялецкага. Але атакі палякаў, што панеслі адчувальныя страты, аказаліся безвыніковымі. Тым часам рускае войска, ідучы на дапамогу акружаным часткам, спынілася паблізу, у вёсцы Клушына.
Гетман, не здымаючы аблогі ў Царавым Займішчы, павёў сваё войска колькасцю 7 тысяч чалавек у Клушына. Фактычна перад вырашальнай бітвай ён пакінуў па-за гульнёй лепшыя сілы рускай дружыны. Пад покрывам ночы гетман збіраўся напасці на войска Шуйскага і атрымаць перамогу над пераўзыходзячымі сіламі праціўніка. Пераход быў няпросты: даводзілася пераадольваць густыя зараснікі, у якіх то і справа затрымліваліся гарматы. Але эфект нечаканасці быў дасягнуты, і ад хуткага разгрома войска Шуйскага ўратавала толькі тое, што палякі падчас складанага пераходу моцна расцягнуліся.
Бітва пачалася на світанку. Захапіць ініцыятыву ў бітве Жоўкеўскі здолеў дзякуючы хуткім і рашучым выпадам крылатых гусараў. Іх касцяк складалі гусары-літвіны, продкі сённяшніх беларусаў. Крылатыя гусары першай жа атакай звярнулі ў бег бальшыню рускага войска, а праз тры гадзіны зламалі абарону шведскіх наймітаў, многія з якіх перайшлі на бок палякаў.
Найміты не гарэлі жаданнем дэманстраваць гераізм: князь Шуйскі грашовае жалаванне ім замяніў выдачай футраў, што ніяк не натхняла на ратныя подзвігі. Астатнія рускія сілы пайшлі прыкладам наймітаў і таксама здаліся на міласць палякаў. Поўнасцю разгромленыя палкаводцы Дзмітрый Шуйскі і Якоб Дэлагардзі былі вымушаныя ратавацца ўцёкамі, пакідаючы ў спешцы зброю, правіянт і каштоўныя рэчы, якія сталі трафеямі палякаў.
Страты з рускага боку забітымі і параненымі былі вельмі значнымі. Страты палякаў апынуліся значна меншыя. Тым жа вечарам гетман ізноў вярнуўся да Царавога Займішча. Але працяг аблогі не спатрэбіўся. Калі Ялецкі і Валуеў даведаліся пра разгромнае паражэнне княжацкага войска, яны здаліся, не аказваючы супраціву. Абодва прынеслі прысягу на вернасць польскаму каралевічу Уладзіславу.
Бітва пад Клушынам самым сур'ёзным чынам змяніла палітычную сітуацыю на Русі. Маскоўскае войска фактычна перастала існаваць. Для польска-літвінскага войска, што знаходзілася пад Смаленскам, дарога на Маскву была адкрытая. Сваёй баязлівасцю баярын Дзмітрый Шуйскі значна падарваў павагу да свайго старэйшага брата і цара Васіля.
Палітыка Жоўкеўскага, які паабяцаў не драбніць Маскоўскую дзяржаву, дазволіла яму бесперашкодна ўвайсці ў Маскву. Баяры самі пазбавілі царства Васіля Шуйскага, пасадзіўшы на трон каралевіча Уладзіслава. Некаторыя гісторыкі лічаць, што бітва пад Клушынам на пэўны час ліквідавала Маскоўскую дзяржаву.