Самалёт «Белавія» каля гадзіны кружыў над Цвярскай вобласцю
1- 12.10.2026, 8:57
Борт не змог трапіць у Маскву.
Рэйсу «Белавія», які накіроўваўся ў Маскву, давялося каля гадзіны кружаць над тэрыторыяй Расіі ўвечары 11 кастрычніка. Гэта, у прыватнасці, заўважыў адзін з карыстальнікаў Threads.
Пералёт рэйса B2977 з Мінска ў Маскву павінен займаць каля гадзіны. Аднак вечарам 11 кастрычніка ўсё пайшло не па плане: борт узляцеў каля 20.15, а прыкладна праз 25 хвілін пачаў кружаць над паўднёва-заходняй часткай Цвярской вобласці, сведчаць даныя Flightradar. Там самалёт зрабіў восем кругоў, што заняло каля гадзіны, і ў выніку прызямліўся ў Шарамецьева каля 23.00. Зваротным рэйсам гэты борт прыляцеў у Мінск з апазненнем на дзве гадзіны.

Беларус, відаць, які чакаў адлёту са Шарамецьева, у Threads звярнуў увагу на незвычайны маршрут самалёта і спытаў у «Белавіі», ці не варта было б неяк праінфармаваць, што рэйс са Шарамецьева затрымаецца. Авіякампанія яму не адказала.
Увечары 11 кастрычніка ў Шарамецьева ўводзіліся «часовыя абмежаванні ў перыметры паветранай прасторы». У апошнія дні гэта адбываецца з-за ўкраінскіх атак дронаў і паветраных шароў.