У Польшчу ўварваліся паветраныя шары з Беларусі
1- 26.10.2026, 11:10
Яны неслі вялікую партыю кантрабандных цыгарэт.
Польскія памежнікі канфіскавалі амаль 660 тысяч цыгарэт, перапраўленых з Беларусі з дапамогай метэазондаў. Па кантрабандны тавар прыехалі пяць чалавек, паведамляе Варміньска-Мазурскі атрад Памежнай службы Польшчы.
Аперацыю правялі 20 кастрычніка пасля атрымання інфармацыі пра падазроныя паветраныя шары, што ляцелі ў напрамку Варміі і Мазур.
Пакеты з цыгарэтамі выявілі ў чатырох паветах — Алэцкім, Элкскім, Гіжыцкім і Кентшынскім. У адным з выпадкаў памежнікі дзейнічалі сумесна з паліцэйскімі з Алэцка.
Усе канфіскаваныя цыгарэты былі з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт партыі ацанілі ў 680 тысяч злотых.
Чатырох літоўцаў і беларуса, якія прыехалі па тавар, затрымалі. У раённых пракуратурах Элка і Алэцка ім выставілі абвінавачанні ў здзяйсненні падатковых злачынстваў, а таксама ў парушэнні закона аб асаблівых мерах па супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароне нацыянальнай бяспекі.
Суд узяў усіх пяцярых пад варту. Паводле даных Памежнай службы, ім пагражае не менш за тры гады пазбаўлення волі.