У чэмпіянаце Беларусі па футболе ўстаноўлены незвычайны рэкорд
- 26.10.2026, 11:45
- 1,356
Гулец атрымаў самую хуткую чырвоную картку ў гісторыі вышэйшай лігі.
Футбаліст «Дняпра» Андрэй Дзянісюк увайшоў у гісторыю беларускага футболу. Ён устанавіў рэкорд па самым хуткім выдаленні за ўсю гісторыю вышэйшай лігі і, падаецца, застанецца рэкардсменам надоўга, піша Onlíner.
Супрацьстаянне «Дняпра» і «Арсенала» яшчэ да стартовага свістка называлі класічным матчам за шэсць ачкоў — абодвум клубам трэба ратавацца ад вылету ў другі дывізіён. І ўжо на 11-й секундзе такога матчу паўабаронца магілёўцаў Андрэй Дзянісюк небяспечна згуляў супраць футбаліста дзяржынцаў Мікалая Сотнікава. Суддзі нічога не заставалася, як паказаць чырвоную картку ўжо на самым пачатку сустрэчы. Рэкорд, які Андрэй дакладна не хацеў бы ўстанаўліваць.
Калі ў Беларусі гэтаму «дасягненню» няма роўных, дык на міжнародным узроўні ў беларуса ёсць канкурэнты. Уладальнікам рэкорду па самым хуткім выдаленні ў гісторыі футбола звычайна называюць Лі Тодда — гульца англійскага аматарскага клуба «Крос Фарм Парк Селтык». У кастрычніку 2000 года яго выдалілі ўжо на другой секундзе матчу за нецэнзурную рэпліку ў адрас арбітра. Футбаліст вылаяўся пасля таго, як суддзя надта гучна свіснуў, падаўшы сігнал да пачатку сустрэчы.
У нашым выпадку ранняя чырвоная картка ніяк не дапамагла «Арсеналу»: за 90 хвілін у няроўных складах «кананіры» так і не змаглі забіць. «Дняпро» застаўся без галоў. Вынік — 0:0.