Горад у ЗША гатовы заплаціць $15 тысяч за пераезд
2- 26.10.2026, 21:02
- 1,434
Паводле насельніцтва ён амаль як Пінск.
Амерыканскі горад Топіка ў штаце Канзас гатовы выплаціць новым жыхарам да 15 тысяч долараў за пераезд. Аднак проста сабраць чамаданы і пасяліцца там недастаткова: спачатку давядзецца знайсці працу, а ў некаторых выпадках — набыць жыллё. Пра ўмовы праграмы Choose Topeka распавяла газета New York Post.
Топіка — сталіца Канзаса, якая размешчана прыкладна за 100 кіламетраў ад Канзас-Сіці. Паводле выдання, мясцовыя ўлады і працадаўцы спрабуюць прыцягнуць спецыялістаў з дапамогай грашовых выплат. Аднак плаціць гатовыя далёка не ўсім.
Галоўная ўмова — ўладкавацца на працу ў акрузе Шоні, у якую ўваходзіць Топіка. Пры гэтым не кожны працадаўца ўдзельнічае ў праграме. Грошы прапануюць пераважна спецыялістам на вакансіі, якія цяжка запоўніць.
Каб прэтэндаваць на максімальную выплату, неабходна:
падцвердзіць заробак ад 50 тысяч долараў у год у мясцовага працадаўцы;
прадаставіць дакументы аб куплі жылля ў акрузе Шоні;
падаць заяўку да канчатковага пераезду;
мець грамадзянства ЗША або законны іміграцыйны статус.
Ёсць і абмежаванне для сем'яў: выплату можа атрымаць толькі адзін чалавек з дамашняй гаспадаркі. Таму разлічваць на 30 тысяч долараў удваіх не атрымаецца.
Асобны напрамак праграмы прызначаны для так званых «бумерангаў» — людзей, якія раней жылі ў акрузе Шоні, затым з'ехалі, а цяпер хочуць вярнуцца.
Пры гэтым 15 тысяч долараў — максімальная сума, а не гарантаваны бонус кожнаму навасёлу. Удзел працадаўцаў добраахвотны, а рашэнне аб выплаце залежыць ад выканання ўмоў праграмы.