Святы меч ад Папы Рымскага: як нашыя продкі ўзялі Вялікія Лукі
1- 4.10.2026, 15:20
Перад паходам Стэфан Баторы атрымаў каштоўную рэліквію ад Святога Пасаду.
Ішла Лівонская вайна. У планах Стэфана Батория, Вялікага князя Літоўскага і караля польскага, было ўзяцце Вялікіх Лукаў. Прадумваючы свой паход, Стэфан Баторы вырашыў ужыць тую ж стратэгію, што і пры вызваленні Полацка. Ён зноў абраў месца збору войскаў у такой кропцы, адкуль можна было вырушыць у розныя напрамкі. І, як і мінулы раз, Іван Грозны не ведаў, куды ўдарыць Баторы. Прыняўшы асвячоны Папам Рымскім Грыгорыем XI меч ад яго пасла Паўла Уханскага, 15 ліпеня 1580-га Баторы з Вільні выехаў да Чашнікаў і да 18 ліпеня ўжо быў там. Чашнікі былі выбраны невыпадкова, бо адтуль можна ісці ў трох напрамках: Пскоў, Смаленск і Вялікія Лукі, піша vklby.
Там жа, у Чашніках, Баторы правёў агляд сваіх войскаў. У паход сабралася армія колькасцю каля 30 тысяч ваяроў: 20 тысяч паспалітага рушэння, 3 тысячы вершнікаў ад магнатаў і 6 тысяч венгерскіх, польскіх і нямецкіх наймітаў.
25 жніўня 1580 года войска Стэфана Баторыя стала ў дзвюх мілях ад Вялікіх Лукаў. Кароль асабіста паехаў да горада, каб агледзець муры, што было небяспечна і ледзь не прывяло да яго гібелі. Калі Баторы наблізіўся да крэпасных муроў, маскавіты адкрылі гарматны агонь, і адно каменнае ядро ўпала проста перад яго суправаджэннем, аднак па шчаслівай выпадковасці ніхто не пацярпеў.
Сам горад па памерах не саступаў Вільні. Ён быў акружаны драўлянымі сценамі і вежамі, гарадскі замак таксама прыкрывалі рака Ловаць, роў і балоты. Гарнізон замка налічваў 7 тысяч салдат, а гарадскія пасады папярэдне былі спалены абаронцамі.
27 жніўня Стэфан Баторы загадаў войску выйсці з лагера і выстраіцца на бяспечнай адлегласці ад горада. Жыхары Вялікіх Лукаў і салдаты падняліся на муры, каб паглядзець на агляд войскаў Рэчы Паспалітай, які, уласна, і быў уладкаваны дзеля таго, каб напалохаць праціўніка, аказаць псіхалагічны ціск. І было што паказаць: армія караля Рэчы Паспалітай складалася з добра ўзброеных і падрыхтаваных салдат.
Баторы не стаў пачынаць баявыя дзеянні, бо даведаўся, што да яго едзе маскоўскае пасольства. 28 жніўня ён прыняў іх у сваім шатры. Маскоўскія паслы пачалі прасіць адвесці войска ад горада і прыняць іх з усімі ўшанаваннямі, як належыць паводле традыцыі ў Вільні. Але кароль ім адмовіў, ён ведаў, што гэта простая дыпламатычная хітрасць, каб сарваць аблогу. Першы дзень перамоваў так нічым і не скончыўся, паслоў правялі да іх стана, і Стэфан Баторы загадаў уначы рыхтавацца да аблогі, каб падштурхнуць паслоў да патрэбнага рашэння.
Салдаты пачалі ўзводзіць шанцы, капаць траншэі і канал для асушэння рова перад замкам. З раніцы пачаўся гарматны абстрэл горада, і бліжэй да вечара ад залпу венгерскіх гармат загарэлася адна з вежаў мура. Як і меркавалася, маскоўскія паслы адразу ж папрасіліся на аўдыенцыю да караля, і 2 верасня Баторы іх прыняў.
Паслы сталі больш падатлівымі і папрасілі міру. Яны заявілі, што дзеля міру Іван Грозны саступіць Полацк і замкі на Полацкай зямлі, якія ўжо былі вызвалены Баторыем, а таксама больш ніколі не будзе ваяваць з-за Полацка і не будзе згадваць яго ў сваіх тытулах. Падобныя заявы толькі насмяшылі Батория, ён нагадаў, што мячом вызваліў Полацк як валоданне, якое здаўна належыць Вялікаму Княству Літоўскаму, і далей, з Божай дапамогай, будзе браць усё, што калісьці было адабрана царом з яго валоданняў. І калі Іван Грозны хоча міру, дык няхай усё верне. А калі не верне, то ён, Баторы, будзе дамагацца свайго, і няхай цар паперасцеражэцца, каб разам з чужым не страціць і сваё. У выніку перамовы ні да чаго не прывялі, толькі дамовіліся, што кароль дашле свайго ганца да Івана Грознага.
Увечары таго ж дня венграм удалося падпаліць замак, але абаронцы паспелі яго патушыць. Баторы зноў загадаў падпаліць замак. Пад сценамі замка засталося каля ста пяхотнікаў караля, якім удалося ўкапацца ў насып яшчэ пры першай спробы, нягледзячы на тое, што на іх лілі кіпень, кідалі калоды і абстрэльвалі. Уначы ім падносілі ежу і ваду, а яны пры найменшай магчымасці ўсё бліжэй і бліжэй падкопваліся да сцяны. Невзабаве, 4 верасня, ім удалося падпаліць сцены, а каб павялічыць шкоду, туды падклалі порах. Адбыўся выбух, ад якога пажар яшчэ павялічыўся. Маскавіты, што спрабавалі тушыць пажар, гінулі пад гарматным абстрэлам. Да ночы цалкам выгарэла адна вежа і значны ўчастак абарончай сцяны.
Войска стаяла напагатове для штурму, але дзякуючы намаганням абаронцаў і дажджу агонь усё ж быў патушаны, і асаднікі пачалі губляць надзею на хуткі захоп замка. Становішча выратавалі пяхотнікі польскага канцлера Яна Замойскага. Ім удалося падступіцца да вежы, што стаяла над замкавымі брамамі, і падпаліць яе. Пажар у крэпасці разгарэўся з новай сілай, і бліжэй да ранку палова замка была ахоплена агнём. Маскавіты са сцен пачалі крычаць, што горад здаецца.
Па загадзе Замойскага з замка выйшлі маскоўскі ваявода Фёдар Лыкаў, князь Міхаіл Кашын, Юрый Аксакоў, а за імі дзеці баярскія, стрэльцы і просты люд. Пасля гэтага Замойскі загадаў сваім пяхотнікам і чэлядзі вынесці гарматы з замка.