На «Гомельскім хімзаводзе» адбылася ўцечка аміяку
- 6.10.2026, 10:11
Выцекла каля 50 кг рэчыва.
Адбылася ўцечка аміяку на «Гомельскім хімзаводзе». Як паведамілі ў МНС, уцечка адбылася на адкрытай пляцоўцы склада ў ноч на 6 кастрычніка. Выцекла каля 50 кг аміяку.
«Ратавальнікі спынілі выхад рэчыва шляхам перакрыцця засаўкі», — дадалі ў міністэрстве.
Былі праведзены работы па асаджэнні пароў і нейтралізацыі аміяку. У выніку перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі пароў аміяку ў паветры не зафіксавана.
Пацярпелых няма. Прычына здарэння ўсталёўваецца.