На МТЗ і МАЗ зазываюць расіян і кітайцаў
3- 6.10.2026, 14:23
Не хапае сотняў спецыялістаў.
Падрабязнасці тэлеграм-каналу «Баста!» распавёў работнік Мінскага трактарнага завода:
«У нас не хапае як мінімум тысячы спецыялістаў рознага ўзроўню, — паведаміў ён. — Сотні вакансій кіраўніцтва размяшчае на беларускіх сайтах накшталт praca.by. Але гэта не ўсё, што трэба. Работнікаў шукаюць па профільных навучальных установах, бяруць нават недавучаў, якія яшчэ працягваюць вучыцца. Гэта ўжо адбіваецца на якасці. Праверкі Мінпрама выявілі шмат дэфектаў на новых трактарах. Некаторыя — з-за танных кітайскіх дэталяў, напрыклад на трактарах «Беларус» серыі 3500, але хапае і тых, што дапушчаныя па віне нізкакваліфікаваных «спецоў».
Кіраўніцтва завода разумее, што ў Беларусі работнікаў не знайсці, да таго ж зарплата не тое каб нармальная. Вакансіі размяшчаюць на сайтах бліжэйшых расійскіх рэгіёнаў. У нас у цэхах ужо ёсць работнікі са Смаленска і Бранска. Таксама знаёмы з аддзела кадраў расказаў, што быў афіцыйны запыт у МЗС з просьбай дапамагчы знайсці менавіта высокакваліфікаваных спецыялістаў у Кітаі. Заробкі ім будуць прапаноўваць вышэйшыя, чым беларусам з аналагічнай кваліфікацыяй.
Ведаю, што падобная сітуацыя на МАЗе — таксама недахоп каля тысячы работнікаў».
Нагадаем, раней ужо з’яўлялася інфармацыя пра тое, што на сайце пакістанскага ўрадавага Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой фігуруюць 332 прапановы працы ў Беларусі. За два месяцы іх колькасць павялічылася ў 6,1 раза.