6 кастрычнiка 2026, aўторак, 16:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вітаўтас Бруверіс: Літва падае сігнал

Вітаўтас Бруверіс: Літва падае сігнал
Вітаўтас Бруверіс

Вільня гатовая прыняць у сябе ядзерную зброю.

Сейм Літвы ў першым чытанні падтрымаў папраўку да Канстытуцыі, якая здымае забарону на размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі краіны. За рашэнне прагаласавалі 106 дэпутатаў, канчатковае галасаванне можа адбыцца ў студзені.

Што гэтае рашэнне азначае для Літвы і ўмацавання яе абараназдольнасці? Ці можа ядзерная зброя сапраўды быць размешчаная ў Літве для стрымлівання Расіі? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым літоўскім журналістам і палітычным аглядальнікам, кіраўніком аналітычнага цэнтра Arch Frontline Вітаўтасам Бруверісам.

— Калі гаварыць непасрэдна пра ўмацаванне абараназдольнасці, дык значэнне тут мінімальнае. Прамога эфекту, па сутнасці, няма. Мы разумеем, што ў прадбачнай будучыні верагоднасць рэальнага размяшчэння ў Літве ядзерных ракет, баягалоўкаў, базы або нечага падобнага пакуль невялікая.

Да таго ж незразумела, калі нешта тэарэтычна і можа быць размешчана, дык чыё менавіта. Тут ёсць чыста тэхнічныя і вайсковыя пытанні, якія, вядома, завязаныя на вялікую геапалітыку.

І вось тут мы пераходзім да геапалітычнага моманту. Гэта палітычная пазіцыя, дэманстрацыя палітычнай волі. Літва здымае забарону і паказвае: калі спатрэбіцца, яна можа і гатовая прыняць у сябе ядзерную зброю, бо разумее, што гэта самы крайні, але найбольш эфектыўны метад стрымлівання Расіі і расійскай агрэсіі. Менавіта пра гэта ідзе гаворка. Гэта ў тым ліку адказ на гульні Расіі, на размахванне ядзернымі ракетамі. Пастаянна ідзе ядзерны шантаж, які толькі ўзмацняецца, ужо наўпрост з вуснаў Пуціна. Беларусь таксама ўцягнутая ў гэтыя гульні з рознымі манеўрамі і размяшчэннем расійскай ядзернай зброі — да канца незразумела, рэальным ці паўрэальным, — а таксама з прасоўваннем расійскай ядзернай зброі да межаў НАТА.

Літва паказвае, што на гэтыя понты яе не возьмеш. Калі калектыўны Захад вырашыцца на такі крок, яна гатовая ісці ў гэтым напрамку разам з Захадам. Па сутнасці, на дадзены момант гэта галоўнае.

— Трамп заявіў, што ЗША разгледзяць магчымасць стварэння вайсковай базы ў Літве. Наколькі рэалістычны такі сцэнар?

— Тут была канкрэтная сітуацыя. Карэспандэнт Літоўскага радыё і тэлебачання ў Злучаных Штатах актыўна працуе. Ён ужо другі раз атрымлівае магчымасць задаць пытанне самому Трампу на лужку каля Белага дома, дзе карэспандэнтаў дапускаюць да прэзідэнта, і Трамп адказвае.

— І вось наш карэспандэнт задаў пытанне: калі вайсковая база можа быць у Польшчы, то, можа быць, і ў Літве? Трамп сказаў, што «так, літоўцы добрыя людзі, я ведаю гэта племя, далёкія гэтыя тубыльцы мне падабаюцца». Я цяпер шаржырую.

— Мой погляд на гэтую сітуацыю такі: гэта не сур'ёзна. Проста Трамп гэта ляпнуў, і ўсё. У нас, вядома, ва ўсіх галоўных навінах усе радуюцца таму, што сам Трамп такое сказаў пра Літву. Тут ёсць правінцыйны момант. Па сутнасці, тут яшчэ менш канкрэтных рэчаў, чым у галасаванні парламента па змене Канстытуцыі.

І апошняе, каб мая пазіцыя была ясная: я Трампу не веру. Пасля здрады Украіны і пасля таго, што ён робіць у гэтым кірунку, вядома, нельга верыць ніводнаму яго слову наконт нашага агульнага рэгіёна.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲