Пад Гомелем у кастрычніку зацвіў сланечнік
- 6.10.2026, 17:57
Аграрыі і самі не чакалі такога выніку свайго эксперыменту.
У гаспадарцы «Андрэеўка» Буда-Кашалёўскага раёна сёлета ўдалося вырасціць два ўраджаі сланечніку за адзін сезон. У кастрычніку на тэрыторыі гаспадаркі зацвіў новы пасеў, што здзівіла нават дасведчаных аграрыяў, паведамляе тэлеканал «Беларусь 4».
Сёлета сланечнікам у гаспадарцы было засеяна 250 гектараў. Ураджайнасць асноўнага пасеву аказалася высокай: бункеры камбайнаў запаўняюцца з разліку 25—30 цэнтнераў з гектара. Камбайнёры адзначаюць, што прыбіраць гэты ўраджай вельмі зручна.

Побач з асноўным полем знаходзіцца яшчэ адна дзялянка плошчай 85 гектараў. Там сланечнік толькі даспявае. Яшчэ некалькі месяцаў таму на гэтым месцы рос ячмень, але ў гаспадарцы вырашылі правесці эксперымент і без папярэдняй падрыхтоўкі глебы пасеялі пасля яго сланечнік.

Нягледзячы на тое, што ўжо наступіла восень, расліны на гэтым полі набліжаюцца да неабходнай для ўборкі спеласці. У гаспадарцы лічаць эксперымент удалым.
