ЗША патрабуюць дапусціць Еўропу да перамоваў па Украіне
1- 10.11.2026, 11:21
Уіткоф і Кушнер ціснуць на Маскву.
Спецпасланнікі прэзідэнта ЗША Стыў Уіткоф і Джарэд Кушнер маюць намер дамагацца прамога ўдзелу еўрапейскіх прадстаўнікоў у наступным раундзе перамоў пра спыненне вайны Расіі супраць Украіны.
Пра гэта ў аўторак, 10 лістапада, паведамляе Politico са спасылкай на еўрапейскіх чыноўнікаў, якія пажадалі застацца ананімнымі.
Паводле звестак выдання, прадстаўнікі Дональда Трампа аказваюць ціск на Маскву, дамагаючыся далучэння Еўропы да перамоўнага працэсу. Уіткоф і Кушнер плануюць падняць гэтае пытанне падчас сустрэчы ў Абу-Дабі (ААЭ).
Еўрапейскім урадам і інстытутам ЕС давядзецца ў кароткія тэрміны вызначыцца, хто будзе прадстаўляць іх інтарэсы за перамоўным сталом. Як адзначаюць суразмоўцы Politico, амерыканскія спецпасланнікі хочуць паскорыць перамоўны працэс і разлічваюць, што сустрэча на гэтым тыдні стане апошняй, якая пройдзе без паўнавартаснага ўдзелу еўрапейскага боку.
Пры гэтым у Еўропе пакуль няма адзінства ў пытанні аб тым, хто павінен выступаць ад імя еўрапейскіх краін і ці варта саюзнікам Украіны наогул весці перамовы з Уладзімірам Пуціным. Лідары ЕС абмяркуюць гэтую тэму на нефармальным саміце ў Дубліне ў канцы тыдня.
Еўрапейскія ўрады таксама баяцца, што новыя дамоўленасці з Масквой могуць аслабіць НАТА. У Вашынгтоне, аднак, запэўніваюць, што Альянс захавае цэнтральную ролю ў забеспячэнні бяспекі Еўропы, піша Politico.
Перамовы дэлегацый Украіны і Расіі пры пасярэдніцтве ЗША запланаваныя на 10–11 лістапада ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Яны стануць першымі з лютага 2026 года.