У Жлобінскі заапарк прывезлі вярблюдзіцу
- 11.11.2026, 22:39
Відэафакт.
У Жлобінскім заапарку папоўнілася калекцыя экзатычных жывёл. Радаснай навінай падзяліліся ў арганізацыі.
Новаю жыхаркай стала двугорбая вярблюдзіца, перадае «Точка».
Яна прыбыла з Мінскай вобласці і ўжо паспела зачараваць работнікаў заапарку сваёй прыгажосцю.
Вярблюдзіцы чатыры гады. Поўнасцю сфармаваная жывёла даволі буйная: больш за 2,5 м ростам і 600 кг вагой.
Двугорбых вярблюдаў называюць бактрыянамі. Сваёй назвай яны абавязаныя старажытнай сярэднеазіяцкай вобласці – Бактрыі. Сёння іх можна сустрэць у многіх кутках Азіі, у тым ліку ў Расіі, Манголіі і Кітаі, а агульная колькасць гэтых жывёл у свеце перавышае 2 млн.
І пра іх існуе нямала цікавых фактаў.
Так, напрыклад, характар у большасці асобін мірны, але пры неабходнасці яны могуць даць адпор каму заўгодна.
«Калі на тэрыторыю вярблюда забрыдзе незваны госць, у ход пойдзе не звычайная сліна, а паўперавараная кашыца з страўніка. Адчуўшы рэальную пагрозу, звер б'е дакладна ў мэту – проста ў твар крыўдніку, каб на пэўны час яго асляпіць», – падзяліліся хітрамудрым планам гэтых жывёл у заапарку.
Але гасцям з-за гэтага перажываць не варта, паспяшылі супакоіць спецыялісты. Першай нападаць вярблюдзіца ніколі не стане.
Вярблюды – амаль даўгажыхары ў свеце звяроў. Ім можа быць і па 40, і па 50 гадоў.
Ад суровага клімату іх ратуе густая цёплая шэрсць: зімой яна сагравае ў 40-градусныя маразы, а летам не дае целу перагравацца.
Пра вынослівасць вярблюдаў складаюць легенды: з грузам да 300 кг ён лёгка праходзіць 40 км у дзень. Налягку трымае хуткасць 10–12 км/г, пераадольваючы за суткі каля 100 км, а ў выпадку неабходнасці здольны разагнацца і да 60 км/г.
Калі ж наведвальнікі змогуць убачыць вярблюдзіцу, адміністрацыя не ўдакладніла. Невядома, ці праходзіць яна каранцін або ўжо гатовая да сустрэчы з наведвальнікамі заапарка.