Уцечка Расстата паказала сапраўдны кошт расійскіх наступаў
- 12.11.2026, 6:29
Тысячы забітых за вёскі з дзесяткамі жыхароў.
За маленькія ўкраінскія вёскі, дзе да вайны жылі сотні, а часам і дзясяткі чалавек, расійская армія губляла тысячы салдат. Гэта вынікае з даных Расстата пра гібель расіян у вайне з Украінай, якія атрымалі хакеры і прааналізавала выданне «МО».
У актах аб смерці ўказана месца гібелі, і па іх бачна, у што абышлося захопленне канкрэтных населеных пунктаў, напрыклад, за вёску Спорнае ў Данецкай вобласці з давоенным насельніцтвам 80 чалавек загінулі 1210 расійскіх вайскоўцаў.
Найбольш загінулых у Рабоціне Запарожскай вобласці: 6493 чалавекі пры давоенным насельніцтве 480. Расія заняла вёску ў сакавіку 2022 года, у жніўні 2023-га яе вызвалілі Узброеныя сілы Украіны, а да канца красавіка 2024 года расійскія войскі зноў захапілі яе руіны.
За Крынкі на левым беразе Дняпра, дзе жыло 991 чалавек, загінулі 3035 расійскіх вайскоўцаў. Восенню 2023 года там высадзіўся ўкраінскі дэсант і ўтрымліваў плацдарм да лета 2024-га. Вёска цалкам знішчаная.

Спорнае расійскае Мінабароны абвясціла захопленым у чэрвені 2024 года, аднак Генштаб Узброеных Сіл Украіны сцвярджаў, што баі працягваюцца. На кожнага давоеннага жыхара вёскі там прыходзіцца каля 15 загінулых расійскіх салдат.
Яшчэ больш паказальны прыклад Выемкі ў Данецкай вобласці: да вайны там жыў 21 чалавек, а загінулі 456 расійскіх вайскоўцаў. Плошча пасёлка 0,5 кв. км — прыблізна дзве тэрыторыі маскоўскага Крамля. Узброеныя сілы РФ абвясцілі Выемку захопленай у жніўні 2024 года, але і праз год за яе ўсё яшчэ ішлі баі.
Малую Токмачку ў Запарожскай вобласці (3005 жыхароў) расійская армія не можа ўзяць з лета 2025 года, страціўшы там 546 чалавек. Рэгулярныя зводкі вайсковага аглядальніка «Першага канала» Барыса Ражына пра баі за вёску нарадзілі мем пра «непрыступную Токмачку», а Z-блогеры параўноўвалі яе з Трояй і Вердэнам.
У апошнія дні Узброеныя сілы Украіны пашырылі зону кантролю ў вёсцы. Рэальныя страты вышэйшыя.
Даныя Расстата непоўныя і паказваюць толькі ніжнюю мяжу: у кожным шостым акце месца смерці не ўказана, няма звестак пра зніклых без вестак, якіх яшчэ не прызналі загінулымі, і пра замежных наймітаў. Даныя пра давоеннае насельніцтва ўзятыя з перапісу 2001 года.