Аналітыкі Пентагона апублікавалі сцэнар будучыні: у ім закладзеная смерць Пуціна
- 11.11.2026, 23:54
Канчыну дыктатара РФ прагназуюць ужо ў 2027 годзе.
Амерыканскі аналітычны цэнтр Rand Corp, які выконвае заказы для ўрада ЗША і Пентагона, апублікаваў сцэнар будучыні для Расіі і НАТА, у якім закладзеная смерць дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна у бліжэйшыя тры месяцы. З дакументам азнаёмілася The Moscow Times.
У гіпатэтычным сцэнары Rand 74-гадовы Пуцін, які кіруе Расіяй даўжэй за ўсіх з часоў Іосіфа Сталіна, памірае «ад натуральных прычын» у студзені 2027 года. Ён пакідае «вакуум улады», і ў барацьбе эліт за прэзідэнцкае крэсла перамагаюць спецслужбы. У сакавіку 2027 года Крэмль абвяшчае «былога генерала ФСБ» афіцыйным пераемнікам Пуціна, гаворыцца ў дакладзе Rand. Аналітыкі падкрэсліваюць, што гаворка ідзе пра «гіпатэтычны сцэнар», а не прагноз будучыні.
У красавіку 2027 года пры новым прэзідэнце Расія заключае перамір’е з Украінай у абмен на частковае зняцце санкцый, аднак мірныя перамовы заходзяць у тупік да ліпеня, паколькі мэты Крамля не змяніліся: Масква захоўвае войскі на акупаваных тэрыторыях і называе іх сваімі.
Да студзеня 2028 года новы прэзідэнт РФ змяняе бліжэйшых паплечнікаў Пуціна ў Крамлі на лаяльных сабе людзей, але сутыкаецца з нарастаючым эканамічным і сацыяльным крызісам, у тым ліку з-за страт у вайне з Украінай.
Не маючы такой жа апоры, як Пуцін, ён, згодна са сцэнарам Rand, трапляе пад уплыў праваенных «ястрабоў», якія патрабуюць жорсткіх мер супраць НАТА. У тым жа 2028 годзе Расія пачынае гібрыдную кампанію супраць еўрапейскіх чальцоў блоку.
ЗША ў сцэнары аналітыкаў у 2029 годзе сутыкаюцца з крызісам у Паўднёвай Амерыцы, якую накрывае хваля гвалту і канфліктаў. Разлічваючы на тое, што Вашынгтон заняты праблемамі на сваім кантыненце, Крэмль загадвае пачаць вайсковую аперацыю супраць Эстоніі.
Яна, паводле сцэнару Rand, пачынаецца ў маі 2030 года. Скарыстаўшыся сувязямі ў рускамоўнай супольнасці, Масква арганізуе пратэсты ў Нарве. Яны перарастаюць у беспарадкі, якія эстонскія ўлады душаць сілай. У адказ новы прэзідэнт РФ уводзіць войскі ў Нарву пад выглядам абароны рускамоўнага насельніцтва.
НАТА, насуперак разлікам Крамля, рэагуе, задзейнічае пяты артыкул свайго статута і накіроўвае войскі на абарону Эстоніі. Да чэрвеня пачынаюцца паўнавартасныя баявыя сутыкненні расійскіх сіл і войскаў альянсу, якія, паводле сцэнару Rand, цягнуцца да кастрычніка 2030 года. Расія ўзмацняе акты сабатажу супраць Вялікабрытаніі, але старанна абмінае Турцыю, якая, як піша Rand, застаецца ўбаку. Тым не менш, канфлікт распаўзаецца, і кібератакі і баявыя дзеянні закранаюць усходні і паўднёвы флангі НАТА.
Папярэдняе перамір’е ў сцэнары Rand заключаецца ў лістападзе 2030 года, пасля некалькіх месяцаў інтэнсіўных баёў. Еўропа, як пішуць аналітыкі, сутыкаецца са складанасцямі ў падтрыманні сваіх сіл, а новы прэзідэнт РФ апынаецца пад унутраным ціскам з-за няздольнасці хутка перамагчы Эстонію.
Акупаваўшы Нарву, ён абвяшчае аперацыю завершанай і прапануе НАТА перамір’е. Да студзеня 2031 года яно захоўваецца, але мірныя перамовы знаходзяцца ў тупіку. «Перад тварам перспектывы ўзнікнення чарговага „замарожанага“ канфлікту і нарастаючай дэстабілізацыі ў Еўропе аўтарытэт НАТА аказваецца падарваным, што прыводзіць да фарміравання няпэўнай і нестабільнай абстаноўкі ў сферы бяспекі — у выніку будучыня еўрапейскай бяспекі аказваецца пад пытаннем», — заключае Rand.