Беларусы па начах стаяць у чарзе дзеля працы на складзе за $500
- 12.11.2026, 15:24
Мінчанка прыехала да дзевяці раніцы і аказалася 309-я.
Склад Wildberries ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» дабудоўвалі ў авральным парадку праз удары ЗСУ па складах кампаніі ў Расіі. Заработкі супрацоўнікаў — ад 1500 беларускіх рублёў (каля 500 долараў), аднак ахвотных уладкавацца на працу вельмі шмат. Людзі дзяжураць па начах, каб захаваць месца ў чарзе, заўважыў сайт Charter97.org.
«Я ў шоку ад чаргаў на працаўладкаванне ў сартавальны цэнтр “Вялікі камень”! — піша мінчанка, якая хацела ўладкавацца на працу на склад. — Прыехаўшы туды каля дзявятай, я была 309-я ў чарзе! Па аповедах людзей у чарзе я зразумела, што яны па два-тры дні спрабуюць трапіць туды. Тыя, хто запісваецца ў 12 ночы, у чарзе дзесьці васьмідзесятыя. То бок такая колькасць людзей проста ў 12 ночы прыязджае, каб атрымаць працу. Але я ведаю і людзей, якія прайшлі гэта працаўладкаванне, сходзілі адзін раз — і ўсё. Дык навошта ствараць такі ажыятаж, калі ў выніку гэта праца не патрэбная?»
Адзін з каментатараў напісаў, што а 5:53 на рэгістрацыі ўжо было 57 чалавек, хоць афармленне адкрываецца а дзявятай.
Пры гэтым беларусы, якія ўжо працавалі на складзе Wildberries, распавядаюць, што нават 1500 рублёў у месяц зарабіць не так проста, хоць праца адрозніваецца вольным графікам і здзельнай формай аплаты:
«Мы нядаўна ўначы прыехалі, запісаліся 25-мі ў чаргу. Паехалі спаць. Потым прыехалі раніцай і за дзве гадзіны ўладкаваліся. Яшчэ нават паспелі папрацаваць гадзіны тры. Але ў выніку за гэтыя тры гадзіны на чалавека мы зарабілі чыстымі на рукі 45 рублёў».
«Праца не зусім лёгкая, але я дакладна ведаю — у Мінску такую зарплату цяпер не знайсці», — піша адна з работніц склада.