Беспілотнікі ўчынілі перапалох на авіябазе ЗША ў Вялікабрытаніі
- 14.11.2026, 9:35
- 1,004
Персанал базы атрымаў папярэджанне з патрабаваннем заставацца ў сховішчах.
На авіябазе Лейкенхіт, што належыць Каралеўскім ваенна-паветраным сілам Вялікабрытаніі, амерыканскіх вайскоўцаў папрасілі перайсці ў сховішча з-за падазронай актыўнасці невядомых беспілотнікаў.
Пра гэта паведамляе Sky News.
Інцыдэнт адбыўся на фоне ўзмацнення мер бяспекі на ваенных аб’ектах ЗША ў Вялікабрытаніі.
Паводле звестак выдання, персанал авіябазы атрымаў папярэджанне з патрабаваннем заставацца ў сховішчах. У паведамленні, пазначаным як «REAL WORLD», вайскоўцам рэкамендавалі знайсці бліжэйшае спецыяльна абсталяванае памяшканне для ўкрыцця.
ВПС ЗША пацвердзілі, што іх падраздзяленні бяспекі адрэагавалі на паведамленні пра падазроную актыўнасць беспілотнікаў над авіябазай.
«Сёння ўвечары супрацоўнікі сіл бяспекі ВПС ЗША адрэагавалі на падазроную несанкцыянаваную актыўнасць беспілотнікаў над авіябазай RAF Lakenheath. Ніводзін супрацоўнік, самалёт або аб’ект інфраструктуры не пацярпеў», — заявіў прадстаўнік амерыканскіх ВПС.
Ён таксама падкрэсліў, што амерыканскі бок працягвае цесна супрацоўнічаць з брытанскімі партнёрамі дзеля забеспячэння бяспекі вайскоўцаў, грамадзянскага персаналу і іх сем’яў.
Мясцовы дэпутат Нік Тымоці паведаміў у сацсетках, што звязаўся з адпаведнымі органамі. Паводле ягоных слоў, пагрозы для насельніцтва няма, а інцыдэнт ужо ўрэгуляваны.