Зяленскі абвастрыў крытыку Маска
1- 14.11.2026, 19:08
Тэрміналы Starshield абмежавалі хуткасць.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі узмацніў крытыку SpaceX, якую ўзначальвае Ілон Маск, заявіўшы, што абмежаванні хуткасці на вайсковых тэрміналах Starshield маюць небяспечныя палітычныя наступствы і падрываюць працу крытычна важнай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Пра гэта паведамляе Reuters.
Паводле слоў Зяленскага, тэрміналы Starshield, што працуюць на часова акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны, цягам апошніх пяці дзён былі абмежаваныя максімальнай хуткасцю 161 км/г, што зніжае ваенныя магчымасці Украіны.
Міністэрства абароны Украіны ўзняло гэтае пытанне перад SpaceX на інстытуцыйным узроўні, паведаміў Зяленскі.
«Абмежаванні дзейнічаюць ужо пяць дзён. Кажуць, што гэта нейкая тэхнічная праблема. Мы не верым, што гэта так», — заявіў Зяленскі журналістам, яго словы апублікаваў офіс прэзідэнта ў суботу.
«Калі вы ўводзіце там абмежаванні, вы ўжо часткова прызнаёце часова акупаваныя тэрыторыі не нашымі. Таму я лічу, што мы маем права падымаць гэтае пытанне і дамагацца аднаўлення хуткасці, каб не было наогул ніякіх абмежаванняў».
Зяленскі адзначыў, што абмежаванні хуткасці ўскладняюць перахоп расійскіх рэактыўных дронаў украінскімі падраздзяленнямі супрацьпаветранай абароны і робяць украінскія гарады больш уразлівымі. Паводле яго слоў, ён даручыў вышэйшым вайсковым і дыпламатычным чыноўнікам заняцца гэтым пытаннем і дамагчыся тлумачэнняў.
SpaceX адхіліла абвінавачанні, заявіўшы, што не ўводзіла новых абмежаванняў і не ўносіла змяненняў у працу сваіх спадарожнікаў.
Гэта ўжо другі такі збой за апошнія тыдні. У сярэдзіне кастрычніка ўкраінскія службовыя асобы паведамлялі, што SpaceX абмежавала хуткасць сістэм сувязі Starlink і Starshield прыкладна да 160 км/г (100 міль/гадзіну) на фоне напружанасці з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з-за ўкраінскіх атак на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы. Праца сэрвісу была адноўлена 24 кастрычніка.