The Times: Удалося паказаць, што Пуцін слабы
1- 18.11.2026, 8:06
Афіцэр ЗСУ раскрыў мэту ўдару па Крымскім мосце.
Аперацыя Сіл абароны Украіны з нанясеннем удару па Крымскім мосце мела не толькі ваенную, але і палітычную мэту. Паспяховай атакай Кіеў хацеў паказаць слабасць дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна напярэдадні важнага саміту.
Пра гэта заявіў The Times неназваны афіцэр ЗСУ, які прымаў удзел у аперацыі.
Аказалася, што аперацыю спецыяльна прывязалі да запланаванай на чацвер сустрэчы амерыканскага лідара Дональда Трампа з Пуціным і кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам. А менавіта, такім чынам Кіеў хацеў прадэманстраваць уразлівасць расійскага дыктатара.
«Мы спланавалі гэта як сімвалічны жэст перад сустрэчай Трампа, Пуціна і Сі, каб паказаць, што Пуцін слабы», — распавёў афіцэр.
Аперацыя прайшла без Starshield
У той жа час адным з галоўных тэхналагічных вынікаў аперацыі стала дэманстрацыя здольнасці Украіны праводзіць складаныя ўдарныя місіі без амерыканскіх спадарожнікавых сістэм сувязі.
«Амерыканцы спрабавалі паралізаваць нашу сувязь, неабходную для правядзення такіх аперацый, але гэта місія даказала, што мы можам распрацоўваць уласныя сістэмы сувязі для перадачы радыёсігналаў», — сказаў суразмоўца выдання.
Па яго словах, упершыню ў гісторыі Сілы абароны выкарысталі ўсе беспілотнікі для перадачы відэасігналу ракетам, каб яны маглі паразіць канкрэтныя кропкі моста.
«Мы паказалі, што здольныя праводзіць такія аперацыі без Starlink», — дадаў The Times афіцэр.
Выданне адзначае, што аперацыя стала адказам, у прыватнасці, на нядаўнія амерыканскія абмежаванні на выкарыстанне Starlink і Starshield для ўкраінскіх ударных місій. Падрабязнасцей працы новай украінскай сістэмы сувязі вайскоўцы не раскрываюць.
Падрабязней пра атаку на мост
Паводле інфармацыі крыніц The Times, да камбінаванай атакі былі прыцягнутыя: ракетныя падраздзяленні, аператары беспілотнікаў 7-га цэнтра глыбінных удараў «Птахі Мадзяра», 1-я асобная брыгада беспілотных сістэм спецыяльнага прызначэння, СБУ, Ваенна-марскія сілы і Сілы спецыяльных аперацый Украіны.
Аперацыя праходзіла ў некалькі этапаў. Спачатку сотні ўкраінскіх беспілотнікаў атакавалі расійскія сістэмы супрацьпаветранай абароны і іншыя ваенныя аб’екты, вычэрпваючы запасы ракет праціўніка.
Пазней па Крымскім мосце былі нанесены ўдары крылатымі ракетамі «Фламінга» і «Нептун», а таксама ракетамі-дронамі «Паляніца».
Наступствы атакі і прагноз на будучыню
Нагадаем, у выніку удараў цэнтральны пралёт аўтамабільнай часткі Крымскага моста даўжынёй 227 метраў абрынуўся ў ваду разам з металічнай аркай. Абломкі канструкцыі перакрылі суднаходны канал паміж Азоўскім і Чорным морамі.
Паводле ацэнкі The Times, перакрыццё суднаходнага канала можа істотна ўскладніць расійскія ваенна-марскія перавозкі ў акупаваныя парты Марыупаля і Бярдзянска.
Украінскі афіцэр, які размаўляў з The Times, выказаў сумнеў, што расіянам удасца хутка аднавіць мост, улічваючы зімовыя пагодныя ўмовы і магчымасць далейшых украінскіх удараў.