20 лiстапада 2026, Пятніца, 23:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь хоча адмовіцца ад расійскіх вагонаў метро

Беларусь хоча адмовіцца ад расійскіх вагонаў метро
Ілюстрацыйнае фота

Да вытворчасці вагонаў хочуць прыцягнуць «Штадлер Мінск».

Завод «Штадлер Мінск» зноў хочуць прыцягнуць да вытворчасці вагонаў для метро. Пра гэта заявіла спікер «савета рэспублікі» Наталля Качанава падчас наведвання прадпрыемства.

Качанава заявіла, што цяпер у завода добры партфель заказаў, а ўся прадукцыя ідзе на экспарт. Зараз на прадпрыемстве выконваюць заказ для Казахстану.

«Вельмі высокая якасць. Мы вывучылі сітуацыю і даведаліся, што ў заказчыкаў няма прэтэнзій да пастаўляемых машынакамплектаў і тэхнікі», — адзначыла парламентарка.

У дзяржпрадпрыемства няма кампетэнцый

Спікер нагадала, што ў кастрычніку Лукашэнка наведаў «Белкамунмаш» і паставіў задачу пачаць вырабляць свае вагоны для метро Беларусі.

«Мы паглядзелі на патэнцыял „Белкамунмаша“. Сёння ў яго няма кампетэнцый для выпуску вагонаў метро. А тут, на „Штадлеры“, патрэбныя кампетэнцыі ёсць», — патлумачыла Качанава.

Яна нагадала, што раней завод ужо вырабляў вагоны для сталічнага метро.

Чаму «Штадлер» не вырабляе вагоны

Завод у Фаніпалі быў адкрыты ў 2014 годзе і з’яўляўся адной з найбуйнейшых пляцовак швейцарскага вытворцы чыгуначнага транспарту Stadler Rail.

Але пасля ўвядзення ў 2021 годзе санкцый супраць нашай краіны Stadler перанёс бальшую частку вытворчасці і персаналу ў ЕС. Пры гэтым завод пад Мінскам афіцыйна не спыняў працу. Адначасова штат супрацоўнікаў быў значна скарочаны.

Улады Беларусі неаднаразова заяўлялі пра намер стварыць на базе завода Stadler у Фаніпалі беларуска-расійскае прадпрыемства. Пра гэта ў кастрычніку 2024 года казалі і прадстаўнікі БЧ.

Аднак сама кампанія абвергла планы па продажы свайго актыву і ўдзеле ў перамовах. Адказам на заявы беларускіх чыноўнікаў стала інтэрв’ю галоўнага выканаўчага дырэктара Stadler Rail AG Петэра Шпулера.

Аднак улады не страцілі надзеі наладзіць паўнавартасную вытворчасць. У 2025 годзе першы намеснік начальніка БЧ Аляксандр Харашэвіч расказваў, што планавалася падпісаць кантракт на 65 цягнікоў, аднак у кампаніі гэту заяву афіцыйна не пракаментавалі.

У выніку завод існуе ў падвешаным стане: ён належыць Stadler, але не можа працаваць у поўную моц праз санкцыі, а альтэрнатыўныя планы па яго загрузцы застаюцца на ўзроўні абмеркаванняў або супярэчлівых заяў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲