Фотафакт: Васіль Быкаў і Снуп Дог у цэнтры Віцебска
2- 3.11.2026, 16:26
- 1,434
Нечаканае адкрыццё.
Жыхарка Віцебска знайшла графіці з выявай партрэта Васіля Быкава у двары аднаго з дамоў у цэнтры горада. Фота яна апублікавала ў сацсетцы Threads.
«Знайшла Васіля Быкава! А побач яшчэ і дзядзька Снуп тусуецца, — піша жыхарка абласнога цэнтра. — Крута, што гэта ўсё яшчэ тут».
Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Пісьменнік стаяў ля вытокаў стварэння Беларускага Народнага Фронту. У сярэдзіне 1990-х гадоў пачаліся напады на яго з боку беларускіх уладаў, што прымусіла пісьменніка на доўгі час з’ехаць за мяжу. Пісьменнік, якога называлі «сумленнем нацыі», рэзка выступаў супраць узмацнення аўтарытарызму ў краіне.
У снежні 2002 года Васіль Быкаў пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Чэхію. Тады пісьменнік сказаў, што ён «даўно марыў пасяліцца ў Чэхіі, заўсёды сімпатызаваў гэтай краіне і яе грамадзянам». У вырашэнні пытання пераезду Быкава ў Чэхію актыўны ўдзел прымала канцылярыя чэшскага прэзідэнта і асабіста Вацлаў Гавэл. Некалькі апошніх гадоў народны пісьменнік Беларусі пражываў у Германіі, а да гэтага — у Фінляндыі.
Васіль Быкаў вярнуўся на Радзіму толькі ў 2003 годзе, за месяц да смерці. Народны пісьменнік Беларусі памёр 22 чэрвеня 2003 года а 20 гадзіне 30 хвілін у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнай бальніцы ў Бараўлянах, пад Мінскам. Улады помсцяць Быкаву і пасля смерці. Кнігі Васіля Быкава ў Беларусі не перавыдаюцца, фільмы пра яго жыццё і творчасць — забаронены.

