На Марсе выяўлена нечаканая актыўнасць
1- 5.11.2026, 12:29
- 1,432
Планета знаходзіцца ў «спячым рэжыме».
Доўгі час вучоныя лічылі, што Марс геалагічна мёртвы. Але з дапамогай касмічнага апарата Trace Gas Orbiter астранамы выявілі прыкметы таго, што вулканы на Чырвонай планеце проста знаходзяцца ў «спячым рэжыме», а значыць, вулканічная актыўнасць усё яшчэ можа працягвацца.
Гэтае адкрыццё сведчыць, што на Марсе ёсць месцы, дзе пад паверхняй Чырвонай планеты можа існаваць пазаземнае жыццё. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Science Advances, піша Space.

На Марсе знаходзяцца найбольшыя вулканы ў Сонечнай сістэме. Гара Алімп вышынёй 26 км — гэта найвышэйшы вулкан, а гара Альба дыяметрам 600 км — найбуйнейшы па плошчы вулкан у Сонечнай сістэме. Яны размешчаныя ў паўночным паўшар'і Чырвонай планеты.

Раней астранамы атрымалі дадзеныя ад арбітальных апаратаў, якія сведчылі, што некаторыя вулканы на Марсе праяўлялі актыўнасць яшчэ некалькі мільёнаў гадоў таму. Таксама дадзеныя паказвалі, што вулканічная актыўнасць на Марсе можа працягвацца і цяпер. Але ніякіх вывяржэнняў лавы вучоныя не зафіксавалі.
Арбітальны апарат Trace Gas Orbiter выявіў, што з расколін на схілах гары Альба выходзіць газ хларавадарод. Выкіды хларавадароду могуць быць вынікам выхаду вулканічных газаў, якія, на думку вучоных, звязаныя з магматычнымі жэрламі ў нетрах планеты.
На Зямлі хларавадарод часта выдзяляецца з магматычных жэрлаў, утвараючыся ў гарачай магме пад паверхняй планеты. Гэта адкрыццё паказвае, што вулканічная актыўнасць на Марсе не спынілася, а знаходзіцца ў «спячым рэжыме». Вучоныя лічаць, што ў нетрах Марса, магчыма, яшчэ захоўваецца дастаткова цяпла для падтрымання магматычных працэсаў.

Наяўнасць падземных запасаў магмы мае важнае значэнне для пошуку пазаземнага жыцця на Марсе. Актыўны вулканізм азначае, што ў самым вонкавым слоі кары планеты могуць захоўвацца агмені цяпла. Вядома, што пад паверхняй Марса ёсць вада, а на Зямлі, як лічыцца, жыццё ўзнікла мільярды гадоў таму менавіта ў гідратэрмальных сістэмах.
Магма, якая падымаецца і праходзіць праз кару Марса, можа сутыкацца з падземнымі водамі і награваць іх. Такім чынам, пад паверхняй Марса магло б існаваць асяроддзе, дзе могуць жыць пазаземныя мікраарганізмы, лічаць вучоныя.
У раёне гары Альба могуць існаваць актыўныя гідратэрмальныя сістэмы, якія здольныя забяспечваць неабходныя для развіцця мікраарганізмаў кампаненты і энергію, а таксама служыць абаронай ад жорсткіх умоў на паверхні Чырвонай планеты.