Лідар гурта «Дрозды» заклікаў адпусціць беларусаў, якіх асудзілі за лайкі
3- 6.11.2026, 18:15
- 1,476
Людзі сустрэлі яго словы апладысментамі.
Лідар беларускага гурта «Дрозды» Віталь Карпанаў заклікаў «адпусціць» беларусаў, якія «не там паставілі лайкі». Відэа з гэтымі словамі музыкант апублікаваў у сваім Instagram.
«Бывае, што па суседстве карова ў буракі убілася. І што робіш? Трэба дараваць. У цябе няма іншых суседзяў.
Ці на іншым прыкладзе скажу. Такое было моднае, цяпер не вельмі, так скажам: не там лайк паставіў. Таксама трэба адпусціць, перагарнуць гэту старонку. У нас няма іншых беларусаў — якія ёсць, з тымі і трэба жыць і працаваць. Бо мы, беларусы, адзін аднаму не ворагі!» — заявіў Карпанаў на канцэрце ў Маладзечне.
Гурт «Дрозды» з’явіўся ў 2005 годзе па ініцыятыве Віталя Карпанава. Калектыў выконвае песні на беларускай мове, а ягоным самым пазнавальным хітом стала кампазіцыя «Хата бацькоў».