Навукоўцы высветлілі, што за часоў дыназаўраў у акіянах жылі «кракены»
- 24.04.2026, 14:29
- 1,944
Судзячы па ўсім, яны былі надзвычай жорсткімі драпежнікамі.
Навукоўцы з Японіі і Германіі прааналізавалі скамянелыя сківіцы, выяўленыя ў мелавых адкладах у Японіі і на востраве Ванкувер (Канада). Як высветлілася, косці належалі прадстаўнікам двух старажытных відаў васьміногаў з плаўнікамі: Nanaimoteuthis jeletzkyi і N. haggarti. Паводле дадзеных спецыялістаў, такія жывёлы жылі ў акіянах прыкладна 72–100 млн гадоў таму, піша «Нож».
Падрабязны аналіз рэшткаў паказаў, што целы некаторых дагістарычных васьміногаў дасягалі 19 м у даўжыню. Адпаведна, асобіны тэарэтычна маглі паляваць на найбуйнейшых дыназаўраў.
Судзячы па ўсім, старажытныя «кракены» былі надзвычай жорсткімі драпежнікамі. Так, характэрныя сляды зносу сведчаць пра тое, што малюскі рэгулярна драбілі цвёрдыя косці і панцыры іншых марскіх жыхароў.
«Нашае даследаванне паказвае, што гэта былі не проста павялічаныя копіі сучасных васьміногаў, — зрабіў выснову доктар Ясухіра Іба, вядучы аўтар даследавання з Універсітэта Хакайда ў Японіі. — Гэта былі гіганцкія драпежнікі, якія займалі верхнія пазіцыі ў харчовым ланцугу мелавага перыяду. Гэта змяняе ўяўленне пра тое, што ў мелавых морах дамінавалі толькі буйныя драпежнікі з ліку пазваночных».
Паводле слоў спецыялістаў, далёкія нашчадкі «пачвараў» і сёння працягваюць жыць у марскіх глыбінях. Праўда, новыя пакаленні вышэйшых драпежнікаў — напрыклад, кіты — змясцілі «кракенаў-праўнукаў» з п'едэстала.