Некаторыя беларусы будуць падаваць дакументы на польскую візу па-новаму
- 24.04.2026, 15:43
- 1,864
Без папярэдняй рэгістрацыі.
Беларусы старэйшыя за 60 гадоў, якія афармляюць польскія візы па запрашэнні дзяцей або ўнукаў — грамадзян Польшчы, з 4 мая будуць запісвацца на падачу дакументаў праз электронную пошту. Пра гэта паведамілі ў пасольстве Польшчы ў Мінску.
Для гэтага неабходна без папярэдняй рэгістрацыі накіраваць запыт на адрас консульскага аддзела: mińsk.wk.wizy@msz.gov.pl.
У тэме ліста трэба пазначыць: «Zaproszenie UW 60+». Да ліста варта далучыць копію запрашэння, зарэгістраванага ў ваяводстве, а таксама ўказаць поўныя кантактныя дадзеныя, уключаючы нумар тэлефона.
Пасля разгляду заяўкі заяўніку прызначаць дату і час візіту ў адзін з візавых цэнтраў у Мінску, Гомелі, Магілёве або Віцебску — у залежнасці ад месца пражывання.
У пасольстве падкрэслілі, што няпоўныя заяўкі, без неабходных дакументаў і інфармацыі, разглядацца не будуць. Таксама папярэдзілі, што пры няяўцы ў прызначаны час паўторны запіс паводле гэтай льготнай працэдуры будзе немагчымы.