Расіянка навучыла гомельскіх школьнікаў здзеквацца з настаўнікаў
3- 24.04.2026, 17:02
- 5,114
Улады пагражаюць крымінальнымі справамі.
У Гомельскай вобласці пачалі выяўляць удзельнікаў новага TikTok-трэнду, дзе школьнікі абражаюць настаўнікаў пад музыку з папулярнага серыяла. Падлеткі бралі фатаграфіі педагогаў, дадавалі музыку з серыяла «Вельмі дзіўныя справы», мантавалі ролікі і суправаджалі ўсё гэта прамымі прыніжэннямі, насмешкамі і абразамі, піша «Гомельская праўда».
Ініцыятарам такіх жартаў стала 53-гадовая грамадзянка Расіі Наталля Мелешка.
На гэты момант выяўлена 12 відэаматэрыялаў, звязаных з установамі адукацыі Гомельскай вобласці. Ролікі зафіксаваныя ў шасці раёнах паўднёва-ўсходняга рэгіёна і ў самым Гомелі.
Як адзначыла начальніца аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі пракуратуры Гомельскай вобласці Вольга Шаўчэнка, удзел у такіх інтэрнэт-трэндах можа пацягнуць як адміністрацыйную, так і крымінальную адказнасць. У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны артыкул 10.2, які ўстанаўлівае адказнасць за абразу, распаўсюджаную ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт. Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф да 200 базавых вялічынь, а таксама грамадскія работы альбо адміністрацыйны арышт. Пры гэтым адказнасць па дадзеным артыкуле надыходзіць з 16-гадовага ўзросту. Калі ж аўтару роліка яшчэ не споўнілася 16, да адказнасці могуць быць прыцягнутыя бацькі або яго законныя прадстаўнікі. У такім выпадку прымяняецца артыкул 10.3 КаАП — невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей, які таксама прадугледжвае штрафныя санкцыі.
У пракуратуры нагадалі, што ў асобных выпадках можа наступаць і крымінальная адказнасць. Артыкул 188 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае пакаранне за паклёп — распаўсюджванне заведама ілжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць чалавека.