Памочнік Пуціна заявіў, што планавая эканоміка вяртаецца ў Расію
7- 27.04.2026, 12:50
- 3,968
Назад у СССР.
Планавая эканоміка, з якой больш за 70 гадоў жыў Савецкі Саюз, вяртаецца, лічыць памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях, у мінулым міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, піша The Moscow Times.
Паводле слоў Арэшкіна, пра адраджэнне прынцыпаў Дзяржплана сведчаць аўтаматызацыя кіравальніцкіх працэсаў і татальная лічбавізацыя эканамічных адносін.
«Адбываецца вяртанне і рэінкарнацыя планавай эканомікі ў яе найлепшым выглядзе. Аўтаматызацыя кіравальніцкіх працэсаў. Хто не лічбавізаваўся, адстаў ад сучаснай рэчаіснасці на дзесяткі гадоў. Усе даныя ў лічбавым выглядзе. Зараз аўтаматызуюцца інстытуты, транзакцыі, то бок узаемаадносіны чалавека не з прыродай, а ўзаемадзеянне чалавека з чалавекам», — сказаў Арэшкін у межах адкрытага экспертнага дыялогу «Вышэйшая адукацыя ў новую тэхналагічную эпоху».
У якасці прыкладу ён прывёў лічбавыя сэрвісы таксі, якія, паводле Арэшкіна, перайшлі да «планавых» цэн.
«У таксі рынку больш няма. Ёсць людзі, якім трэба паехаць, а ўсё, што звязана з транзакцыяй, можна аўтаматызаваць. Нельга больш выбіраць, хто павязе, нельга выбіраць цану. Сістэма планавай эканомікі кажа, што вы паедзеце за 428 рублёў, значыць вы паедзеце за 428 рублёў. Гэта планавая цана, якая з'яўляецца аўтаматычна вызначанай цаной для гэтай паездкі», — удакладніў Арэшкін.