Мерц рыхтаваўся да сустрэчы з Трампам, вывучаючы яго перапалку з Зяленскім у Белым доме
1- 29.04.2026, 20:21
- 3,100
Канцлер ФРГ распавёў падрабязнасці.
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц заявіў, што рыхтаваўся да напружаных сустрэч з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, у тым ліку вывучаючы яго перапалку з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Белым доме ў лютым 2025-га.
Пра гэта Мерц распавёў у апублікаваным 29 красавіка інтэрв’ю нямецкаму выданню Der Spiegel.
«Вядома. Я наладжваюся на сваіх суразмоўцаў», — сказаў канцлер у адказ на пытанне журналіста наконт падрыхтоўкі сустрэчы з Трампам у Авальным кабінеце Белага дома.
Акрамя таго, Мерц пагадзіўся з тэзай інтэрв’юера, што ў эпоху другога прэзідэнцкага тэрміну Трампа «быць канцлерам асабліва складана».
«Можна і так сказаць. (…) Я патлумачыў Дональду Трампу, чаму мы лічым вайну ў Іране памылкай. Тым не менш я стараюся падтрымліваць добрыя асабістыя адносіны з амерыканскім прэзідэнтам. Пакуль што гэта ўдаецца», — сказаў канцлер ФРГ.
Паводле слоў Мерца, найбольш рэзанансныя тэмы, напрыклад крытыку Трампа адносна Іспаніі, ён імкнецца абмяркоўваць з прэзідэнтам ЗША ў фармаце «за зачыненымі дзвярыма».
«Я не пачынаю перад прэсай у Авальным кабінеце абмяркоўваць Іспанію або Вялікабрытанію. Я сказаў прэзідэнту за зачыненымі дзвярыма, што абедзве краіны з’яўляюцца надзейнымі партнёрамі па НАТА, якіх мы не павінны губляць. (…) Я з самага пачатку кажу сабе, што ў такой атмасферы няма сэнсу весці спрэчную дыскусію. Я назіраў за тымі, хто так учыняў, і яны апынуліся не ў найлепшай сітуацыі», — падсумаваў ён.