Анджэй Пачобут пра сваё здароўе: Лепш, чым я думаў
- 30.04.2026, 11:23
- 1,832
З'явілася кароткае відэа з экс-палітвязнем.
Журналіст польскай «Gazety Wyborczej» Бартош Вяліньскі запісаў невялікае відэа з экс-палітвязнем, журналістам, лідарам Саюза палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам, які выйшаў на волю у выніку абмену на польска-беларускай мяжы 28 красавіка.
«Дарагія, гады працы ў Gazeta Wyborcza, калі я апісваў падзеі ў Беларусі, а таксама ў іншых постсавецкіх краінах, прывучылі мяне да павагі і асцярожнага падыходу да слова. А словы насамрэч маюць значэнне, нягледзячы на тое, што мы жывём у часы, калі словы, і нават палітычныя перакананні, можна вельмі лёгка змяніць, і іх часта змяняюць. Ёсць рэчы трывалыя і ёсць людзі трывалыя. І я жадаю ўсім вам стойкасці ў тым, што вы робіце і ў тым, у што верыце», — звярнуўся Пачобут да чытачоў газеты.
@wyborcza_pl Andrzej Poczobut: "Są rzeczy trwałe i są ludzie trwali. Życzę wszystkim, żebyście trwali w tym, co robicie i w tym, w co wierzycie".
♬ oryginalny dźwięk – wyborcza.pl - wyborcza.pl
Вяліньскі таксама пацікавіўся ягоным самаадчуваннем. Пачобут заявіў, што адчувае сябе лепш, чым думаў.
У лютым 2023 года суд у Гродне прысудзіў Анджэя Пачобута да 8 гадоў калоніі паводле артыкулаў аб распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК) і закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (артыкул 361-3 КК).
Яго некалькі разоў змяшчалі ў ПКТ у наваполацкай калоніі. У зняволенні ён моцна схуднеў, перанёс аперацыю па выдаленні язваў на скуры. У кастрычніку 2025 года ён завочна атрымаў Прэмію Сахарава, у лістападзе ён атрымаў вышэйшую ўзнагароду Польшчы — ордэн Белага Арла.
У 2024 годзе Анджэй Пачобут стаў ганаровым грамадзянінам Варшавы.