Швецыя арыштавала расійскае судна
- 30.04.2026, 16:28
- 1,542
Ва Украіне заявілі, што гэты крок «мяняе правілы гульні».
Швецыя арыштавала грузавое судна Caffa, перахопленае ў пачатку сакавіка ў Балтыйскім моры, пра гэта паведаміла мясцовая пракуратура.
Паводле дадзеных TV4, увесь гэты час яно стаяла на якары ля берагоў Треллеборга. Пасля рашэння аб арышце праваахоўнікі разглядаюць запыт аб прававой дапамозе ад іншай дзяржавы, які датычыцца меркаванага злачынства, звязанага з Caffa. Магчыма перадача судна іншай дзяржаве, адзначаецца ў паведамленні.
Сэрвіс Marinetraffic паказвае, што Caffa ходзіць пад сцягам Гвінеі. Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны лічыць, што транспарт задзейнічаны ў крадзяжы збожжа з акупаваных тэрыторый Украіны.
Каментуючы рашэнне шведскай пракуратуры, упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк заявіў «РБК-Украіна», што на караблі знаходзіцца збожжа, незаконна вывезенае краінай-агрэсаркай Расіяй з акупаваных украінскіх тэрыторый, і яно канфіскавана.
Паводле яго слоў, рашэнне аб арышце з’яўляецца паказальным прэцэдэнтам у прымяненні санкцый.
«Гэта ўжо не проста затрыманне, а пераход да практычных дзеянняў», — заявіў ён.