Ізраіль адмовіўся прымаць украдзенае Расіяй украінскае збожжа
2- 30.04.2026, 18:53
- 3,064
Пратэст Кіева быў пачуты.
Ізраіль пасля пратэсту Кіева адмовіўся разгружаць судна PANORMITIS са збожжам, незаконна вывезеным Расіяй з акупаваных тэрыторый Украіны. Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга назваў гэта «станоўчым крокам», што сведчыць пра эфектыўнасць прававых і дыпламатычных захадаў. «Гэта таксама выразны сігнал для ўсіх іншых суднаў, капітанаў, аператараў, страхоўшчыкаў і ўрадаў: не купляйце ўкрадзенае ўкраінскае збожжа. Не станавіцеся саўдзельнікамі гэтага злачынства», — падкрэсліў міністр.
Генпракурор Украіны Руслан Краўчанка дадаў, што PANORMITIS пакінула тэрытарыяльныя воды Ізраіля і адышло ў нейтральныя воды пасля таго, як Кіеў прыняў комплекс працэсуальных мер. Паводле яго слоў, Ізраіль пачаў выконваць запыт на падставе матэрыялаў, перададзеных Украінай у межах міжнароднага прававога супрацоўніцтва. Пры гэтым, як адзначыў Краўчанка, выхад судна ў нейтральныя воды не спыняе крымінальнай справы і не вызваляе датычных асоб ад адказнасці. Украіна будзе працягваць прававую рэакцыю ў любой юрысдыкцыі, якая прызнае вяршэнства права і паважае суверэнітэт Украіны, падкрэсліў генпракурор.
Напярэдадні, 28 красавіка, міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга паведаміў, што Ізраіль ужо прыняў два судны са збожжам, вывезеным Расіяй з захопленых тэрыторый. Кіеў выклікаў пасла Ізраіля для ўручэння ноты пратэсту. У адказ міністр замежных спраў Ізраіля Гідэон Саар заявіў, што Украіна не прадставіла дастатковых доказаў, і заклікаў весці дыпламатыю не праз СМІ і сацсеткі, паабяцаўшы разгледзець пытанне.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нагадаў, што «набыццё ўкрадзенага ва ўсіх нармальных краінах» цягне прававую адказнасць, і падкрэсліў, што ізраільскія ўлады не могуць не ведаць, якія судны і з якім грузам заходзяць у іх парты. Зяленскі адзначыў, што Украіна рыхтуе санкцыі супраць перавозчыкаў украдзенага збожжа і тых, хто спрабуе зарабляць на крымінальнай схеме. У Еўрасаюзе паведамілі, што вывучаюць магчымасць абмежаванняў у дачыненні да ізраільскіх чыноўнікаў і арганізацый, датычных да такога гандлю.