Скандальны беларускі футбаліст вярнуўся на радзіму
- 30.04.2026, 19:14
- 2,034
У новай камандзе яго ўжо адхілілі ад трэніровак.
Нападнік Віталь Лісаковіч адхілены ад трэніровак у жодзінскім клубе «Тарпеда-БелАЗ». Рашэнне прыняў галоўны трэнер каманды Дзмітрый Ленцэвіч. Афіцыйныя прычыны адхілення не ўдакладняюцца, паведамляе bel.football.
Раней паведамлялася, што Лісаковіч прапусціў матч супраць «Дняпра» ў чэмпіянаце Беларусі нібыта праз хваробу.
У гэтым сезоне ён паспеў правесці толькі адзін матч за «Тарпеда-БелАЗ» — у трэцім туры супраць мінскага «Дынама», дзе жодзінская каманда прайграла з лікам 0:1.
Гулец нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Віталь Лісаковіч пачынаў сваю кар'еру ў салігорскім «Шахцёры», затым у 2018–2019 гадах выступаў у некалькіх харвацкіх клубах, з 2020 года — у Расіі. Восенню мінулага года ён стаў футбалістам славенскага «Цэле», але замацавацца там яму не ўдалося, таму ў гэтым годзе ён вярнуўся ў Беларусь.
28‑гадовы Лісаковіч вядомы сваім складаным характарам, што, відаць, найперш і перашкаджае яму надоўга замацавацца ў якім-небудзь клубе. Пасля сыходу з салігорскага «Шахцёра» ў 2020 годзе ён змяніў ужо 8 каманд, і развітанне прынамсі з некаторымі з іх не абыходзілася без скандалаў.