У Гомелі выпусцілі вадкае мыла «з наркатыкам»
- 1.05.2026, 10:32
- 1,706
«Чистые ручки» знялі з продажу.
Вадкае мыла «Чистые ручки» з пахам рамонку ўнеслі ў спіс небяспечнай прадукцыі. Адпаведнае рашэнне прыняў Дзяржстандарт.
Вадкае мыла выпусціў гомельскі вытворца бытавой хіміі «Будмаш». Эксперты вывучылі прадукт і зрабілі выснову, што ён не адпавядае патрабаванням бяспекі.
Высветлілася, што ў складзе вадкага мыла выкарыстоўваецца забаронены інгрэдыент этылцелозольв. У дадатку Мінпрацы да Міжгаліновых правілаў па ахове працы пры працы з эпаксіднымі смоламі і матэрыяламі на іх аснове адзначана, што пары гэтага рэчыва «аказваюць слабае наркатычнае і раздражняльнае дзеянне». Высокія канцэнтрацыі этылцелозольву могуць выклікаць захворванні нырак і нервовай сістэмы.

Акрамя таго, пытанні ў інспектараў выклікала і маркіроўка тавару. На этыкетцы інгрэдыенты пералічаныя ў некарэктным парадку.
У выніку Дзяржстандарт забараніў прадаваць «Чистые ручки» з пахам рамонку ў нашай краіне. Тыя партыі прадукцыі, якія ўжо паступілі ў крамы, спецыялісты ведамства даручылі зняць з продажу.