Трамп абвясціў пра павышэнне пошлін на аўтамабілі з ЕС
7- 1.05.2026, 19:45
- 2,536
Рашэнне прынята насуперак гандлёваму пагадненню.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што павысіць пошліны на аўтамабілі з Еўрапейскага саюза да 25% насуперак гандлёваму пагадненню, заключанаму мінулым летам.
Пра гэта ён паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.
Сваё рашэнне амерыканскі прэзідэнт патлумачыў тым, што ЕС нібыта не выконвае заключанае пагадненне.
Паводле яго слоў, пошліны пачнуць дзейнічаць на наступным тыдні.
«Я рады паведаміць, што, улічваючы тое, што Еўрапейскі саюз не выконвае наша гандлёвае пагадненне, пра якое мы цалкам дамовіліся, на наступным тыдні я павышу пошліны, што спаганяюцца з Еўрапейскага саюза на легкавыя і грузавыя аўтамабілі, якія ўвозяцца ў Злучаныя Штаты. Пошліна будзе павышана да 25%», — напісаў Трамп.
Папярэдняя тарыфная стаўка, пра якую дамовіліся Брусель і Вашынгтон у межах гандлёвага пагаднення, складала 15%.
Нагадаем, ідзе пра рамачнае гандлёвае пагадненне паміж ЕС і ЗША, заключанае ў шатландскім Тэрнберы 27 ліпеня 2025 года, якое замацавала пошліны на еўрапейскі імпарт у ЗША на ўзроўні 15%.
Еўрапарламент 26 сакавіка прыняў дзве прапановы адносна тарыфаў у межах рамачнага гандлёвага пагаднення ЕС і ЗША.
Еўрадэпутаты выказаліся за ўзмацненне пункта аб «ахоўным механізме», які дазволіць прыпыніць усе або частку прэферэнцый, калі ЗША ўвядуць дадатковыя тарыфы, што перавышаюць узгоднены парог у 15%, або якія-небудзь новыя пошліны на еўрапейскія тавары.
Таксама Еўрапарламент дадаў палажэнне пра тое, што новыя тарыфы пачнуць дзейнічаць толькі пры ўмове, што ЗША будуць выконваць свае абавязацельствы.