У Сабаленкі ўзніклі праблемы перад «Раланам Гаросам»
- 11.05.2026, 10:18
Фота: Getty Images
Беларуская тэнісістка заявіла, што болі ў паясніцы абмяжоўваюць яе рухомасць.
Параза Арыны Сабаленкі ад Сораны Кырстэі на турніры WTA 1000 у Рыме ўзрушыла не толькі балельшчыкаў, але і саму тэнісістку.
Прычым не толькі эмацыйна, але і псіхалагічна. Правал у Рыме выклікае трывогу перадусім наконт «Ралана Гароса». Адкрыты чэмпіянат Францыі 2026 года пачнецца 24 мая.
І Сабаленка, якую лічылі адной з фаварытак, можа чарговы раз упусціць жаданы тытул.
Як мы ўжо паведамлялі раней, лідарка сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка завяршыла выступ на турніры ў Рыме ўжо на стадыі 1/16 фіналу. Яна саступіла ў напружаным трохсэтавым трылеры румунцы Соране Кырстэі.
«Я хутка зразумела, што маё цела не дазваляе мне змагацца так, як я хацела. Я стараюся казаць сабе, што ніколі не прайграеш, а проста вучышся», – перадае словы Сабаленкі партал puntodebreak.com.
Сітуацыя была сур'ёзная: Арыне аказвалі медыцынскую дапамогу проста на корце.
«Праблема ў паясніцы, якая звязана са сцягном. Гэта абмяжоўвае маю рухомасць. Думаю, мне давядзецца некалькі дзён адпачыць. Пакуль іншых планаў няма», – заявіла Арына праз некаторы час пасля матчу.
Варта адзначыць, што 36-гадовая Сорана Кырстэя, здаецца, знаходзіцца на піку сваёй кар'еры: шмат у чым менавіта таму і адбылася балючая параза Сабаленкі.