11 траўня 2026, панядзелак, 17:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На гомельскім прадпрыемстве работнікі чакаюць выплат заробку з пачатку года

1
На гомельскім прадпрыемстве работнікі чакаюць выплат заробку з пачатку года

Работнікі фірмы баяцца, што застануцца без заробленых грошай.

Работнікі прыватнага гомельскага прадпрыемства ТАА «БіПіДжы Пластык», якое вырабляе розныя дробныя пластыкавыя вырабы, з пачатку года не атрымлівалі заробак. Як даведалася выданне «Флагшток» ад знаёмых работнікаў фірмы, тыя звярталіся з гэтай нагоды ў органы ўлады, але дапамогі пакуль не адчулі.

«Спачатку працавалі ў фірме «Белпалімергаз», потым перавялі ў «БіПіДжы Пластык» — супрацоўнікі лічаць, што там адзін і той жа фактычны кіраўнік. У студзені з'явіліся даўгі па заробках, абяцалі, што ўсё наладзіцца і ўсё выплацяць. У выніку заробкаў не было за студзень, люты, сакавік. У красавіку каля 20 чалавек звольніліся, але і пры звальненні ніхто не быў разлічаны».

Затым, паводле слоў работнікаў, кіраўнік перавёў астатніх супрацоўнікаў у штат «Белпалімергаз», а «БіПіДжы Пластык» афіцыйна значыцца не за ім. Пераведзеныя супрацоўнікі атрымліваюць заробак, але каля 20 чалавек, якія звольніліся, засталіся без разліку:

«Звярталіся ў выканкам. Аддзел прымусовага выканання і Дзяржкамкантроль таксама ведаюць пра сітуацыю. Тэлефанавалі на гарачую лінію. Але кіраўнік хоча абвясціць фірму банкрутам і застацца ні пры чым. Не ведаем, куды звяртацца далей».

Работнікі баяцца, што яны так і застануцца ні з чым, і што нават праз суд не змогуць спагнаць заробак.

Кіраўніком «Белпалімергаз» у афіцыйных крыніцах значыцца Канстанцін Карпаў — ён узгадваўся ў 2025 годзе ў справаздачы пра пашыранае пасяджэнне прэзідыума Рэспубліканскага камітэта банкаўска-фінансавага прафсаюза. Яго фірма была сярод прыватных кампаній, якія наведвалі члены прэзідыума. Тады яны «прыйшлі да высновы, што клопат пра чалавека працы з'яўляецца адным з прыярытэтных прынцыпаў, на якіх пабудавана праца» у тым ліку ТАА «Белпалімергаз»:

«Бяспечныя ўмовы працы, годны ўзровень заработнай платы — асноўная ўстаноўка сумеснай ініцыятывы кіраўніцтва і прафактыву. Работнікам стабільна гарантавана забеспячэнне шырокага сацыяльнага пакета ў адпаведнасці з дзеючым Калектыўным дагаворам».

Тады ж паведамлялася, што ад імя Рэспубліканскага камітэта «за асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне згуртаванасці Банкаўска-фінансавага прафсаюза» былі ўручаны ўзнагароды дырэктару ТАА «Белпалімергаз» Карпаву і кіраўніку іншай фірмы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках