Дарогі Беларусі чакаюць важныя змены
2- 12.05.2026, 15:43
- 1,494
Яны звязаныя з нанясеннем дарожнай разметкі.
Новыя падыходы да добраўпарадкавання дарог укараніць у Беларусі. Падрабязнасці расказаў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч, паведамляе «Точка».
«Якасць дарог у Беларусі прыкметна палепшылася, і гэта адчуваюць нашы грамадзяне», — заявіў Ляхновіч.
Па яго словах, ямкавасць за сезон 2025–2026 гадоў скарацілася ў паўтара раза. А з 2022 года гэты паказчык паменшыўся прыблізна ў 10 разоў, сцвярджае чыноўнік.
Міністр звярнуў увагу, што штогод рамантуецца каля 1600 км рэспубліканскіх дарог, або 10% ад іх агульнай працягласці.
Асаблівую ўвагу пры падрыхтоўцы да летняга сезона надалі нанясенню разметкі. З 2026 года ўлады павысілі патрабаванні да падрадчыкаў па якасці фарбы, каб яна вытрымлівала ўвесь сезон.
Акрамя таго, упершыню разметку будуць наносіць два разы на год — літаральна фарба на фарбу. Гэта, лічаць спецыялісты, не дасць ёй убірацца ў асфальт і захавае разметку ў зімовы перыяд.